Сэрвісы пераводу грошай заскочылі ў апошні вагон, каб застацца ў Беларусі

Як паведаміў партал infobank.pt, Нацбанк накіраваў у банкі ліст з папярэджаннем, што замежныя сэрвісы пераводу грошай, якія не зарэгістраваліся ў адмысловым рэестры, не могуць працаваць у Беларусі з 27 жніўня. Адразу некалькі кампаніяў былі ўлучаныя ў гэты пералік за два дні да дэдлайну.

Аддзяленне «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года. Фота: Белсат

Ліст Нацыянальнага банку датаваны 24 жніўня. На той дзень, як адзначалася ў паведамленні, ніводная з замежных сістэмаў пераводу грошай не зарэгістравалася ў якасці пастаўляльніка плацежных паслугаў. Рэгулятар папярэджваў, што з 27 жніўня гэтым сэрвісам будзе забаронена працаваць у Беларусі.

Рэгістрацыя кампаніяў у адмысловым рэестры прадугледжаная законам, які быў апублікаваны яшчэ ў красавіку 2022 года. Ужо з таго часу замежныя сервісы мусілі ведаць пра гэтае патрабаванне, на выкананне якога далі амаль паўтара года. Аднак яны цягнулі да апошняга.

Цяпер на сайце Нацбанку маецца рэестр, абноўлены 25 жніўня. У той дзень у пералік улучылі «Золотую корону», «Юнистрим», «КИВИ Банк» (плацежная сістэма «Contact»), кітайскую плацежную сістэму «UnionPay International».

«Гэтыя кампаніі цяпер будуць працягваць працу ў штатным рэжыме. Для расейскіх сэрвісаў беларускі рынак застаецца важным, яны хочуць працягваць на ім працаваць, адпаведна, яны выканалі гэтыя патрабаванні», – заўважыла ў каментары «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Пасля пачатку вайны ва Украіне працу ў Беларусі спынілі амерыканскія сэрвісы «Western Union» і «Ria Money Transfer». Засталася толькі кампанія «MoneyGram» (таксама з ЗША), яна мае супрацу з дзвюма беларускімі банкамі.

Паводле звестак Нацбанку, у студзені – чэрвені сёлета праз міжнародныя сістэмы грашовых пераводаў у Беларусі атрымалі $ 81,3 млн, а вывелі з краіны $ 64,5 млн.

Сістэма «WebMoney» перастала прымаць беларускія рублі, але не сыходзіць з Беларусі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны