Пандэмія не адступае, заява канцлера і навіны ад палітвязняў. Галоўнае за 31 кастрычніка

Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 31 кастрычніка.

Сітуацыя з каронавірусам

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч прызнаў, што інтэнсіўнага зніжэння захворвання на COVID-19 пакуль не назіраецца.

«Мы і не можам чакаць інтэнсіўнага зніжэння захваральнасці. Мы бачым павольную, павольную стабілізацыю. Мы бачым аднолькавыя паступленні хворых і расце колькасць выпісаных пацыентаў. І трохі менш паступае ў стацыянары пацыентаў з пнеўманіямі. Гэта тэндэнцыя прадаўжаецца», – канстатаваў ён у інтэрвʼю «Беларусь 1».

Тым часам, колькасць захварэлых на ковід у Беларусі ад пачатку пандэміі перавысіла ўжо 600 тысяч чалавек. З іх ачунялі 573 994 пацыента.

Міністэрства аховы здароўя Расеі рэкамендавала «Спутник Лайт» толькі для паўторнай вакцынацыі

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 1985 новых выпадкаў інфікавання каронавірусам. Зафіксаваныя 17 смерцяў. Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерла 4631 асоба, сведчыць міністэрства.

Смерць грамадзяніна Іраку ў ТЦ «Галерэя»

Мігранты каля ГЦ «Galleria Minsk». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года. Фота: ПБ / Белсат

На фудкорце ў менскім ГЦ «Галерэя» памёр 35-гадовы грамадзянін Іраку. Яму раптам стала кепска і ён страціў прытомнасць. Лекары выратаваць мужчыну не змаглі.

Што стала прычынай смерці – невядома.

Паводле Следчага камітэту, мужчына знаходзіўся ў Беларусі з 20 кастрычніка.

Імаверна, гаворка ідзе пра аднаго з «турыстаў», якія выкарыстоўваюць беларускі канал нерэгулярнай міграцыі ў ЕЗ.

Прысуд экс-следчаму

Аляксей Зікееў. Фота: viasna96 / Telegram

Суддзя Заводскага раёна Касцюкевіч пакарала палітвязня Аляксея Зікеева 1,5 гадамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вырак быў агучаны 29 кастрычніка, праваабаронцы паведамілі пра гэта сёння.

Зікеева прызналі вінаватым у тым, што ён удзельнічаў у пратэставых маршах у Менску 16, 23, 30 жніўня 2020 года, а таксама 6 верасня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, ён далучыўся да групы грамадзян, пляскаў у ладкі, выкрыкваў лозунгі, перашкаджаў руху транспарту.

Пад вартай палітвязень знаходзіцца з 17 чэрвеня 2021 года. Аляксей Зікееў – мянчук, жанаты, мае 6-гадовага сына. У яго вышэйшая адукацыя, да затрымання працаваў дырэктарам. Таксама ён былы старэйшы следчы, а падчас выбарчай кампаніі 2020 года далучыўся да каманды Валерыя Цапкалы.

«Бачыў, як страляюць па людзях, зразумеў, што абавязаны выйсці». Сірата Ілля Ягораў чакае «хімію»

Канферэнцыя па «беларускім пытанні»

Канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг анансаваў правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў Вене па «беларускім пытанні». Відэа з заявай канцлера Аўстрыі размясціла на сваёй старонцы ў Twitter Святлана Ціханоўская.

«22 лістапада мы арганізуем міжнародную канферэнцыю ў Вене, разам з грамадзянскай супольнасцю. І я думаю, нам усім павінна быць зразумела: гэта еўрапейская тэма і ўнутры Еўропы мы не павінны размаўляць толькі на мове санкцый», – адзначыў ён.

У якім фармаце будзе праходзіць канферэнцыя і хто будзе на яе запрошаны, не ўдакладняецца.

«Ёсць прагрэс. Канцлер Аўстрыі Шаленберг анансаваў дату канферэнцыі высокага ўзроўню – гэта 22 лістапада. Гэта ініцыятыва Аўстрыі, і менавіта яна фармуе праграму. Мы ведаем, што яны запрашаюць розныя бакі, але наша задача – каб быў прадстаўлены беларускі народ. Нічога пра нас без нас!» – пракаментаваў навіну дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Навіны ад палітвязняў

Палітвязень Ігар Лосік, які знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, прыдумаў, як пацешыць сваю жонку: ён даслаў Дар’і Лосік 17 букетаў кветак.

«Усё пачалося ў 8:44 са званка ў дамафон. Я паглядзела на гадзіннік і падумала, што для ператрусу ўжо позна», – піша Даша ў сваім Instagram і дзеліцца фота і відэа букетаў.

Арганізаваць такі сюрпрыз Ігару дапамаглі розныя людзі.

Ігар Лосік з-за кратаў арганізаваў сюрпрыз для жонкі

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова напісала ў лісце, што моцна схуднела ў СІЗА, намагаецца трымаць свой арганізм у тонусе хаця б на прагулках.

Марфа Рабкова. Фота: Марфа Рабкова/Facebook

«Я трохі веру ў лёс і асабліва не шкадую аб тым, што ўжо адбылося. Я яшчэ веру, што людзі прыходзяць і сыходзяць у наша жыццё не проста так. Я не асабліва веру ў эзатэрыку ўсякую, а вось у гэта веру. Падумаеш яшчэ, што Марфа дзівачка і піша дзіўныя рэчы. Я хоць і сяджу амаль год, але знаходжуся ў сваім розуме і цвёрдай памяці. З маральным станам таксама ўсё ў парадку».

Кавер на песню «Пераменаў»

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук запісала кавер на легендарную песню «Пераменаў».

«Кавер на любімую мільёнамі песню Цоя я запісала разам з цудоўнымі музыкамі Уладам і Кірылам, якія больш знаёмыя беларусам як «дыджэі Пераменаў», – распавяла Маргарыта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Кошты, законы і санкцыі? Што зменіцца для беларусаў у лістападзе

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны