Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык падсумавала вынікі 2022-га года, павіншавала беларусаў з Новым годам і абвясціла яго Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння.
«Гэта быў адзін з самых складаных гадоў. Год пачатку вайны. Год няспынных рэпрэсій. Год усеагульнай дэпрэсіі і, падаецца, безвыходнасці. Але, з іншага боку, год цвёрдай упэўненасці, што мы працягваем барацьбу», – заявіла Аліна Коўшык.
«Год партызанскага змагання і няскоранасці. Год яднання беларусаў і ўсеагульнай дапамогі. Год, які ясна паказаў, дзе чорнае, а дзе белае. Год, які пераканаў, што за нашу краіну мы будзем змагацца. Год каштоўнасці беларушчыны і год палітычнага разумення неабходнасці нацыянальнага адраджэння. Год, калі мы ясна ўсвядомілі, што культура – гэта нашая зброя ў барацьбе за будучыню», – дадала яна.
Таксама Аліна Коўшык пералічыла, што прадстаўнікі Аб’яднанага кабінету зрабілі ў 2022 годзе, каб беларуская культура стала такой зброяй:
«Мы разам з вамі ствараем нашу гісторыю. Аб’яднаны пераходны кабінет абвяшчае 2023-ці год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас. З Новым 2023-м, сябры!», – напісала яна.
Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным правесці наступны год у Беларусі як «год расейскай мовы».
Алена Рувіна belsat.eu