Украіна і Расея абмяняліся палоннымі: 82 расейцы на 140 украінцаў і 1 сабаку

На Новы год Украіна і Расея дамовіліся пра абмен палоннымі, агулам – 222 чалавек. Пра вызваленых расейцаў не паведамляюць нічога акрамя іхнай колькасці, пра ўкраінскіх вядома больш.

Вызваленыя з палону ўкраінскія вайскоўцы. 31 снежня 2022 года. Фота: Андрій Єрмак / Telegram

У паведамленні Міністэрства абароны Расеі, якое распаўсюджваюць дзяржаўныя медыі, пішуць толькі, што з падкантрольных Кіеву тэрыторыяў Украіны вярнулі 82 расейскіх вайскоўцаў, «якім у палоне пагражала смяротная небяспека». У чым смяротная небяспека, не патлумачылі.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак расказвае пра вызваленых больш падрабязна і са здымкамі. Вызваленыя 140 чалавек, з якіх 82 – байцы Збройных сілаў Украіны, 22 – байцы Нацыянальнай гвардыі, 15 – байцы Тэрытарыяльнай абароны, 11 – з флоту і 10 – з памежнай службы. Вызваленыя 132 мужчыны і 8 жанчын, 22 афіцэры і 118 сяржантаў і салдатаў.

«Сярод іх параненыя, а таксама абаронцы Марыупалю, вострава Змяінага, добраахвотнікі ТРО са Славутыча і бацькі з сынамі, якія разам апынуліся ў палоне, а таксама нашы з бахмуцкага напрамку», – гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага боку.

Абмен палоннымі адбыўся на фоне «навагодняга» масаванага абстрэлу Украіны расейскімі войскамі.

Агулам у расейскім палоне, паводле звестак на 30 снежня, знаходзіліся як мінімум 3400 украінскіх вайскоўцаў, а лёс яшчэ 15 тысяч украінцаў невядомы – яны лічацца зніклымі без звестак за час вайны ва Украіне.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны