Журналіста Паўла Мажэйку не выпусцілі з СІЗА, тэрмін следства працягнуты яшчэ на месяц

Журналіста Паўла Мажэйку не выпусцілі з СІЗА ў Горадні, паведамляе ягоная жонка Ірына. Тэрмін следства працягнуты мінімум на месяц.

Павел Мажэйка. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат

«Дваццаць год таму Паша сустракаў Каляды і новы год на «хіміі» ў Жлобіне. Год таму – хоць пад падпіскай, але дома. Так ці іначай тады з ім быў кантакт, можна было стэлефанавацца: уявіце – ахова «хіміі» пазнавала мяне па голасе і клікала яго да гарадскога тэлефона. А мінулы год прайшоў амаль увесь у відэасувязі. Гэты год – у лістах», – распавядае Ірына.

Ірына адзначае, што Павел стварыў сабе расклад, у каторым есць месца і спорту, і вучобе, і побыту. І ўласным традыцыям: ранішняй каве, паштоўкам, кісялю па нядзелях, марскому бою па перапісцы з дачкой.

«20 год таму на «хіміі» з суседзямі па «пакоі» на Каляды яны накрылі стол з 12 стравамі, як паложана. Не ведаю як было цяпер – але ўпэўненая, што і ў СІЗА яму гэта ўдалося», – кажа яна.

Павел Мажэйка быў затрыманы 30 жніўня, неўзабаве пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы. Тады адбыліся ператрусы ў ягонай кватэры і ў доме на вёсцы ў Гарадзенскай вобласці. Таксама былі ператрусы ў блізкіх і дальніх сваякоў журналіста. Яго трымаюць у СІЗА Горадні з 2 верасня. Вядома, што на Паўла заведзена крымінальная справа за рэалізацыю ім свабоды выказвання меркавання.

Ён прызнаны палітычным зняволеным.

Раней Павел вёў аўтарскія праграмы на «Белсаце», стварыў у Горадні Цэнтр гарадскога жыцця. Летась Цэнтр зліквідавалі паводле пазову пракуратуры.

26 красавіка 2021 года на Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асобаў» завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за нібыта рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Прычына – дэманстрацыя 19 сакавіка 2021 года на выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта беларускага антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара. Пазней Паўла адпусцілі, бо «зніклі падставы для затрымання».

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны