Аляксандр Апейкін аб працы БФСС і падтрыманні нацыянальных праектаў

Выканаўчы дырэктар арганізацыі Аляксандр Апейкін лічыць 2023-і найскладанейшым годам для фонду, найперш з маральнага гледзішча.

Размаўляем з Аляксандрам Апейкіным аб працы Фонду спартовай салідарнасці і беларускіх НДА ў замежжы.

Публічная дыскусія, прысвечаная крытэрыям допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы, у варшаўскай студыі «Белсату». На здымку – дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Наш фонд ужо на чацвёртым годзе існавання. Неймаверна, што арганізацыя, якая стваралася ледзь не ў аўральным рэжыме, бо была вялізная надзённая патрэба, здолела праіснаваць столькі. Фонд ствараўся ў Эстоніі праз месяц пасля выбараў 2020 года. І я б сказаў, што неяк мегахутка нам гэта ўдалося. На той час, калі б мы пайшлі з такой ініцыятываю недзе ў Польшчы ці Літве, то час быў бы страчаны. А ў Эстоніі да нас вельмі па-добраму паставіліся.

– Чаму яшчэ менавіта Эстонія?

– У мяне там добрыя сябры, грамадзяне краіны, якія выклікаліся дапамагчы. Без легалізацыі ты не можаш зарэгістраваць нейкай арганізацыі.

– А ў чым неабходнасць была менавіта фонду? Гэта быў адзіны спосаб сабраць грошы на дапамогу спартоўцам?

– Гэта, па сутнасці, не фонд, а недзяржаўнае аб’яднанне. Бо фонд мае іншыя прынцыпы фармавання. Гэта НДА, але завецца Фонд спартовай салідарнасці. «BYSOL» – гэта таксама НДА.

– Вас імкнуліся абвінаваціць у несумленнасці, ледзь не карумпаванасці. Гэта магло мець месца?

– 95 % бюджэту – гэта фінансаванне інстытуцыянальнае, то бок падтрымка еўрапейскіх і амерыканскіх інстытутаў. І толькі 5 % – ахвяраванні. Дык вось што датычыць еўрапейскіх інстытутаў, якія такую падтрымку даюць, то ў параўнанні з іх заўзятасцю ў правяранні, Камітэт дзяржкантролю – гэта дзіцячы садок. Справаздачнасць тут значна больш пільная і дасканалая: кантралюецца кожны цэнт. Усё падлічана, да ўсяго ідзе афіцыйная папера. Інакш, у выпадку нейкага сумневу, да нас адразу б страцілі давер.

– А дзе можна пабачыць прыход расход?

– Ёсць рэгістр эстонскіх арганізацыяў. Там звычайная справаздача. І ўсё пазначана. Апублікавана з лічбамі. З тым, што зроблена за год. Штосьці схаваць, правесці праз нейкія шэрыя схемы, кагосьці падмануць – проста нерэальна. Можа камусьці і ўдаецца, але мы рызыкаваць і не збіраемся, і не маем патрэбы.

Каманда Фонду спартовай салідарнасці пасля перамогі на Кубку Івуліна. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– А як часта вы падаяце справаздачы?

– Як звычайна, штоквартал. Ідзе справаздача – адразу праходзіць аўдыт. Каб вы разумелі, наконт некаторых праектаў мы справаздачымся яшчэ за 2022 год. Бо працягваецца правяранне. На жаль, беларускае грамадства ўсё ўспрымае з падвохам, маўляў, ну не могуць яны не красці.

– Вы праекты самі ініцыюеце і рэалізоўваеце ці аб’ядноўваецеся з кім?

– Напрыклад, на падтрымку палітзняволенага Аляксандра Івуліна была спецыяльная праграма. І гэта было нашае дасягненне, дасягненне фонду, што мы выбілі асобны праект для канкрэтных беларускіх спартоўцаў. І атрымлівалі невялікія стыпендыі. Трэба было тлумачыць замежнікам, чаму гэта патрэбна.

– Колькі цяпер беларускіх фондаў за мяжою?

– Такіх эфектыўных, якія стабільна пры справе, няшмат. Фактычна чатыры: Фонд медычнай салідарнасці, Фонд (Рада) культурнай салідарнасці, «BYSOL» і мы. Але да стварэння трох з іх фактычна я спрычыніўся асабіста.

– А каб падтрымліваць працу фондаў, трэба ўвесь час шукаць нейкія фінансавыя крыніцы ці кантракт падпісваецца на азначаны перыяд?

– Звычайна гэта гадавыя кантракты, але ніхто нічога не гарантуе. Можа раптам праграма еўрапейская скончыцца, альбо праграма, распрацаваная ў ЗША, не знойдзе далейшай падтрымкі. Гэта жыццё. Усё можа быць. Гарантыяў няма.

– Гэта не значыць, што арганізацыя закрыецца?

– Не, але знізіцца эфектыўнасць дзеянняў, скароціцца нейкая падтрымка, спыняцца праграмы, але каб увогуле канчаткова ліквідавацца… Не, няма шанцаў. Чаму гэтая дзейнасць мае спыніцца? Гэта ж ужо частка беларускага грамадства. Калі заўгодна, нават беларускай гісторыі.

Аляксандр Апейкін, дырэктар Беларускага Фонду спартовай салідарнасці, у варшаўскай студыі «Belsat TV». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года. Фота: Яна Пракопчык / Белсат

– Ясна, што існаванне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна набліжаецца да лагічнага заканчэння. Калі прыйдуць палітычныя перамены, фонд пераедзе ў Беларусь?

– Мне здаецца, стварэнне такіх фондаў – адзіны сапраўдны вынік, які мы атрымалі пасля 2020 года. Некалькі дадатковых беларускіх інстытутаў, якія займаюцца профільнаю падтрымкаю, на маю думку, не маглі не нарадзіцца. Гэтыя ўсе арганізацыі ў гістарычным кантэксце заўсёды будуць актуальныя. Іншая рэч, што нядаўняя сітуацыя з reform.by выявіла вельмі сур’ёзную праблему. Гэта татальная залежнасць беларускіх грамадскіх структураў і медыяў ад некалькіх асноўных замежных донараў, якія працуюць на Беларусь. То бок умовы ў грамадскім і палітычным сектары задаюцца не беларускімі арганізацыямі, а донарамі сваймі рашэннямі і бюджэтамі.

Тое, што бюджэт Фонду спартовай салідарнасці амаль на 95 % складаецца з грантавай падтрымкі, вельмі кепска. У такім сама стане амаль усе грамадскія арганізацыі і медыі, якія яшчэ існуюць у дэмакратычным полі.

Беларускія арганізацыі, палітыкі і медыі мусяць фінансавацца выключна беларускім народам і беларускім бізнесам. Мы можам самі стварыць сістэму падтрымання нацыянальных праектаў. Я б сказаў, што цяпер паводле важнасці гэта пытанне нумар два пасля вызвалення палітвязняў.

Дракахруст пра падзеі года: вагнэраўцы, ядравая зброя, раскол «BYPOL», ліквідацыя партыяў

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны