Кітайская авіякампанія «Air China», якая тройчы на тыдзень лётае з Пекіну ў Менск, адмяняе некаторыя свае пералёты. Пра гэта паведамляе TUT.by.
З Пекіну ў Менск «Air China» лётае ў панядзелкі, серады ды пятніцы. Але рэйс у сераду, 19 лютага, быў скасаваны з ініцыятывы авіякампаніі.
«Так вырашыў планавы аддзел у Пекіне. Праз эпідэмію каронавіруса загрузка самалётаў пасажырамі стала нізкай», – паведамілі ў менскім прадстаўніцтве авіяперавозніка.
Разам з тым усе рэйсы не адмяняюцца. За зменамі можна сачыць у раскладзе аэрапорту або тэлефанаваць наўпрост у «Air China».
У сваю чаргу «Белпошта» заявіла, што ў сувязі з адменай рэйсаў авіякампаніяў-партнёраў, якія ажыццяўляюць перавозку міжнародных паштовых адпраўленняў з Беларусі ў Кітай, кампанія «Белпошта» часова прыпыняе прыём усіх відаў міжнародных паштовых адпраўленняў на гэтым напрамку.
МГ belsat.eu