У абноўленым рэйтынгу міжнароднай арганізацыі «Freedom House» Беларусь па-ранейшаму застаецца сярод несвабодных краінаў.
Паводле рэйтынгу краін, Беларусь знаходзіцца паміж афрыканскай краінай Эсватыні і азіяцкім В’етнамам. У нашай краіны 19 балаў – 5 за палітычныя правы і 14 за грамадзянскія свабоды.
«Беларусь з’яўляецца аўтарытарнай дзяржавай, у якой выбары адкрыта дырыжуюцца, а грамадзянскія свабоды жорстка абмежаваныя. Пасля дазволу абмежаванай дэманстрацыі іншадумства ў межах імкнення да паляпшэння стасункаў з Еўрапейскім звязам і ЗША, урад паспрабаваў узмацніць кантроль над публічнай сферай з дапамогай абмежаванняў у дачыненні да журналістаў, анлайн-медыяў і дэманстрацыяў. У відавочнай спробе прыглушыць крытыку сітуацыі з правамі ў краіне пакаранні за іншадумства ўсё часцей прымаюць форму штрафаў або прызначаюцца не адразу, каб пазбегнуць асвятлення ў медыях», – гаворыцца ў справаздачы пра Беларусь.
У суседняй Расеі 20 балаў. Яна таксама адносіцца да несвабодных краін.
Украіна з 62 баламі патрапіла ў спіс часткова свабодных краін.
Польшча (84 балы), Латвія (89) і Літва (91) у рэйтынгу ўвайшлі ў лік свабодных краін.
Па 100 балаў у рэйтынгу атрымалі Фінляндыя, Нарвегія ды Швецыя. А найгоршыя пазіцыі ў Сірыі, кітайскага Тыбету і Туркменістану.
МГ belsat.eu