Большасць берасцейскіх незалежных назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання так і не змагла трапіць на выбарчыя ўчасткі.
На ўчастку для галасавання ў часе датэрміновага галасавання можа быць не больш за тры назіральнікі, а ў асноўны дзень – не больш за пяць, такую пастанову прыняла ЦВК на сваім паседжанні 22 ліпеня.
– У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі на больш за 90 % участкаў акрэдытаваныя назіральнікі кампаніі «Права выбару» не дапушчаныя да назірання. Адпаведна, на працягу дня намі пададзеныя скаргі ў выбарчыя камісіі і пракуратуру, – распавёў «Белсату» каардынатар кампаніі «Права выбару» па Берасцейскай вобласці Ігар Маслоўскі.
Назіральніка Юрыя Жыдовіча з 41-га берасцейскага выбарчага ўчастку вывела міліцыя.
– Я назіральнік з вялікім вопытам, ведаў пра пастанову ЦВК, што будуць дапускаць толькі траіх назіральнікаў, і хоць гэтая пастанова, лічу, не адпавядае дзейнаму заканадаўству, я прыехаў на ўчастак загадзя і быў адзіным назіральнікам, прысутнічаў на апячатванні скрыняў. А потым старшыня камісіі запатрабавала, каб я пакінуў участак, але я сказаў, што яе патрабаванне незаконнае, і больш за гадзіну заставаўся на ім, пасля чаго мяне з участку вывела міліцыя. Натуральна, пасля гэтага я напісаў скаргу, – распавёў Юрый Жыдовіч «Белсату».
Не трапіў на выбарчы ўчастак і іншы назіральнік, Сяргей Мазан.
– 3 жніўня мне ўвечары патэлефанавала старшыня камісіі і сказала, што для назірання яна мне можа вылучыць першую палову дня 5 жніўня. Я сказаў, што гэта парушае закон і ў гэтым удзельнічаць не хачу. Сёння я прыйшоў на ўчастак, але мне на ім назіраць не дазволілі, старшыня камісіі дазволіла сядзець на тэрыторыі школы, але на вуліцы. Мяне такое становішча рэчаў не задаволіла, і я падаў скаргу, – адзначыў Сяргей Мазан.
– Таксама я стаў сведкам, як на выбарчыя ўчасткі прывозілі групы вайскоўцаў, мне вядома мінімум пра два такія выпадкі. Імаверна, салдат прымушаюць галасаваць датэрмінова, – распавёў «Белсату» Сяргей Мазан.
Сяргей Вакуленка дамогся права назіраць толькі ў другой палове першага дня галасавання, а раніцай назіральнік заставаўся за турнікетам берасцейскага ліцэю № 1.
– Я лічу, што мае правы парушаныя, таму падаў скаргу ў раённую выбарчую камісію, – сказаў Сяргей Вакуленка «Белсату».
Усяго за сёння ў Берасці назіральнікі падалі больш за сто скаргаў. Паводле назіральнікаў, людзей на ўчастках практычна няма.
АС Belsat.eu