Да Міжнароднага Дню таты «Белстат» апублікаваў статыстыку пра беларускіх мужчынаў.
Міжнародны Дзень таты адзначаецца ва ўсім свеце кожную трэцюю нядзелю чэрвеня. Сёння гэты дзень прыпадае на 21 чэрвеня. «Белстат» падрыхтаваў цікавыя факты з жыцця беларускіх мужчынаў за 2019 год.
Агулам у Беларусі жыве 4 млн 412 тыс. мужчынаў (46% ад агульнай колькасці насельніцтва). Большасць (77%) – у гарадах.
Прыкладна траціна ад усіх мужчынаў стварае сям’ю ва ўзросце 25 – 29 гадоў. Другі шлюб мужчыны заключаюць у 41 год.
Дбаюць беларускія мужчыны і аб сваіх дзецях. Больш за палову (64,7%) гуляюць са сваімі дзецьмі па-за домам і гуляюць у гульні. 39,4% чытаюць кніжкі з дзецьмі, 34,4% называлі, лічылі або малявалі прадметы. Аднак толькі 17% мужчынаў спяваюць сваім дзецям песні.
«Белстат» адзначае, што гарадскія жыхары з вышэйшай адукацыяй і высокім узроўнем даходу больш схільныя бавіць час са сваімі дзецьмі.
Нягледзячы на магчымасць дэкрэтнага адпачынку, гэтай магчымасцю карыстаецца вельмі мала мужчынаў. У 2019 годзе ў адпачынку па дагляданню за дзіцём было 846 беларусаў.
КТ belsat.eu