Сустаршыня БХД Павал Севярынец заклікаў віцяблянаў, якія прыйшлі падтрымаць прэтэндэнтку ў кандыдаты на прэзідэнта Святлану Ціханоўскую, да ўсенароднага страйку.
У Віцебску, на пікеце па зборы подпісаў за высоўванне кандыдатаў у прэзідэнты, Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, заклікаў беларусаў выходзіць на мітынгі супраць дзейнай улады, а таксама падтрымаць незаконна затрыманых актывістаў, у тым ліку і блогера Сяргея Ціханоўскага:
«Лукашэнка можа зарубіць ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай ужо ў панядзелак, такія звесткі ёсць. Мы можам з вамі рыхтавацца прагаласаваць за кагосьці. Але мы ведаем, што лічыць будзе Ярмошына [Лідзія Ярмошына, кіраўнік ЦВК. – Belsat.eu]. Як яна лічыць – мы з вамі ведаем», – заявіў Павал Севярынец.
Сустаршыня БХД заклікаў людзей не баяцца і рыхтавацца да масавых мітынгаў, а таксама працяглага эканамічнага байкоту:
«Мы можам не захоўваць грошы ў «Беларусбанку» і забіраць адтуль свае ўклады! Мы з вамі можам не запраўляцца на «Белнафтахіме»! Мы можам не купляць у «Еўраопце» і «Кароне» – гэта кашалькі Лукашэнкі. Мы можам не купляць у «Табакерках». Эканамічны байкот рэжыму! Хопіць карміць рэжым!»
Людзі адказалі воклічамі «Стоп таракан!» і «Жыве Беларусь!»
«Калі хтосьці можа проста прыйсці і паставіць подпіс – стаўце. Але гэтага мала. Калі хтосьці можа выказацца ў сацыяльных сетках – рабіце гэта. Але гэтага мала. Калі спатрэбіцца выходзіць на адзіны агульны пратэст, усім разам, па ўсёй Беларусі – выходзьце! Гэтага можа хапіць! Калі не – тады забастоўка і эканамічны байкот!» – прызваў Павал Севярынец.
Да 19 чэрвеня у Беларусі будуць праходзіць пікеты па зборы подпісаў за высоўванне кандыдатаў у прэзідэнты краіны. Пікеты прэтэндэнткі Святланы Ціханоўскай збіраюць натоўпы людзей па ўсёй краіне. Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, затрымалі 29 траўня на пікеце ў Горадні.
ВВ belsat.eu