Прэзідэнт ЗША заявіў, што ягоная Адміністрацыя ладзіць «сур’ёзнае расследаванне» дзеянняў Кітаю на пачатку эпідэміі, паведамляе Reuters.
«Мы праводзім вельмі сурʼёзнае расследаванне… Мы не задаволеныя Кітаем», – сказаў Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме ў панядзелак. Амерыканскі лідар лічыць, што эпідэмію можна было спыніць, але Кітай гэтага не зрабіў.
Раней у красавіку Трамп заяўляў, што ўрад спрабуе высветліць, ці была крыніцай каронавіруса лабараторыя ў кітайскім Ўу-Хані, а дзяржсакратар Майкл Пампэа заклікаў Пекін «сказаць праўду» пра тое, што яму вядома.
Прэзідэнта ЗША крытыкуюць і абвінавачваюць у расізме за тое, што ён рэгулярна называе каронавірус «кітайскім вірусам». «Я заўсёды ставіўся да кітайскага віруса вельмі сурʼёзна і з самага пачатку рабіў вельмі добрую працу, уключна з маім вельмі раннім рашэннем закрыць межы з Кітаем», – пісаў Трамп у Twitter у сакавіку.
I always treated the Chinese Virus very seriously, and have done a very good job from the beginning, including my very early decision to close the “borders” from China – against the wishes of almost all. Many lives were saved. The Fake News new narrative is disgraceful & false!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) March 18, 2020
Прэзідэнт ЗША абвінавачвае ў распаўсюджванні каронавіруса не толькі Кітай, але і Сусветную арганізацыю здароўя. Вашынгтон прыпыніў выплату ўнёскаў у бюджэт САЗ у сярэдзіне красавіка.
ВБ belsat.eu