Другая хваля каронавірусу ў Беларусі чакаецца ў лістападзе-снежні

Пра гэта распавяла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан падчас сустрэчы з выбарнікамі ў Ганцавічах – цяпер яна давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі, піша TUT.by

Адказваючы на пытанні, Богдан распавяла, што выпадкі каронавірусу ў краіне па-ранейшаму фіксуюцца і сістэма аховы здароўя рыхтуецца да магчымай другой хвалі. Паводле разлікаў, яна прыйдзецца на лістапад-снежань гэтага году.

Спецыяліст расказала, як менавіта сістэма аховы здароўя да яе рыхтуецца. Па-першае, папаўняюцца запасы індывідуальных сродкаў абароны: ад рэспіратараў трэцяга класа абароны да пальчатак, якія мы закупляем у Малайзіі. Па-другое, ствараецца неабходны запас лекаў.

«З тым, што вырабляецца ў краіне, у нас пытанняў няма: антыбіётыкі зроблены, простыя гепарыны зробленыя (прэпараты, якія прымяняюцца для перадухілення згусальнасці крыві – заўв. рэд.), сродкі для наркозу зробленыя, гарачкапаніжальныя зробленыя, запасы супрацьгрыпознага прэпарата мы таксама зрабілі, нягледзячы на ​​тое, што ён не дзейнічае на каронавірус», – сказала Богдан.

Тым часам, паводле яе, пытанне з антывірусным прэпаратам рэмдэсівір пакуль не вырашанае.

«У нас узнікае пытанне па рэмдэсівіры. ЗША – арыгінатар(той, хто вырабляе – заўв. рэд.), і яны выкупілі 90% вытворчасці рэмдэсівіру да канца году і, самае галоўнае, гэта на нашых фармацэўтычных прадпрыемствах стварыць хоць кавалачак вытворчасці», – дадала яна.

Клінічныя пратаколы па лячэнні пацыентаў з COVID-19 пакуль мяняць не будуць, таму што яны, па словах намесніка міністра, працаздольныя.

Аляксандр Лукашэнка перахварэў на каронавірус

Алена Богдан распавяла, што, рыхтуючыся да магчымай другой хвалі, працягваецца рэканструкцыя больніцаў, робяць дадатковыя пункту кіслароду. Падчас другой хвалі медыкі будуць старацца ў першую чаргу даць рады сіламі тэрапеўтычных аддзяленняў.

Таксама ўжо распрацавалі электронную сістэму маніторынгу захворванняў, і гэтую сістэму плануюць устанавіць на выдаленыя працоўныя месцы, каб падчас другой хвалі інфармацыю збіралі не ўручную, а была адзіная сістэма з аддаленым доступам.

Яна таксама адзначыла, што ў барацьбе з каронавірусам вясной-летам беларускай медыцыне ў тым ліку дапамог вялікі ложкавы фонд у шпіталях. Паводле яе слоў, у нас 10 ложкаў на 1 тысячу насельніцтва. Таксама яна сказала, што ў краіне да гэтага часу ёсць фельчарска-акушэрскія пункты ў месцах, дзе пражываюць 130-150 чалавек.

Нагадаем, паводле афіцыйнай статыстыкі на 30 ліпеня, у краіне 67 665 выпадкаў COVID-19 з пачатку пандэміі. Выпісаныя 61 765 пацыентаў, памерлі 553.

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны