Еўрадэпутат параўнаў інаўгурацыю Лукашэнкі з тхаром, які дзейнічае ў цемры

Старшыня Камісіі Еўрапейскага парламенту па сувязях з Беларуссю пракаментаваў «Белсату» таемную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта.

Робэрт Бедрань параўнаў Лукашэнку з тхаром, «які баіцца свайго грамадства, бо ведае, што грамадства яго не прымае, што страціў легітымнасць кіравання».

«Ён не з’яўляецца правамоцным абраным прэзідэнтам. Ён дзейнічае патаемна, у цемры, як сапраўдны тхор. Гэта паказвае, як скаціўся Лукашэнка, як ён вельмі баіцца грамадства», – заявіў еўрадэпутат.

«Лукашэнка сам не ведае, як скончыцца ягоная палітычная карʼера». Аналітыкі пра таемную інаўгурацыю

Паводле яго, рэальную ўладу над Беларуссю зараз спрабуе атрымаць Пуцін. Гэта вельмі небяспечна для Беларусі, але «таксама паказвае, што Лукашэнка страціў усё, застаўся сам-насам, нават такая падзея, як прэзідэнцкая інаўгурацыя адбываецца таемна, як гэта робяць тхары».

Бэдрань падкрэсліў, што Еўрапейскі парламент не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам, падтрымлівае кантакты з дэмакратычнымі сіламі.

«Не ўяўляю, каб Еўрапарламент мог бы хоць неяк падтрымліваць дыялог з Лукашэнкам. Ягоны мандат, грамадскі і палітычны, скончыўся разам з незаконна праведзенымі выбарамі. Гэта канец Лукашэнкі, канец любой спробы дыялогу з Лукашэнкам з боку Еўрапейскага звязу. Еўразвяз зробіць усё, каб беларусы маглі вызначаць сваю будучыню, а не сатрап, які падобна тхару, ад страху перад сваім народам робіць такога кшталту рэчы», – адзначыў палітык.

Беларусь пасля таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі

Ён нагадаў, што «Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі выразна акрэсліў, што ўсе сродкі з Еўразвязу павінна непасрэдна накіроўвацца да грамадзянскай супольнасці Беларусі, узмацняць дэмакратычную грамадскасць, і ніяк не павінны падтрымліваць рэжым Лукашэнкі». Паводле яго, спробы ўзаемадзеяння ды дыялогу з уладамі Беларусі не спраўдзіліся, былі наіўнымі з боку Еўразвязу.

У найбліжэйшы час, дадаў Бедрань, палітыка ЕЗ да Беларусі будзе змененая так, каб яшчэ большыя сродкі з Еўразвязу траплялі на падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі, а «ніводнае еўра не патрапіла ў рукі Лукашэнкі».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны