Героі 2020 года. Знайдзі сябе

2020 год адкрыў нам шмат новага ў нас саміх. Мы даведаліся, наколькі беларусы салідарныя, як хутка гатовыя прыйсці на дапамогу і падтрымаць блізкага. Сёння мы ўспомнім тых, каго можна назваць героямі года, што сыходзіць.

Медыкі

У пачатку года беларускія медыкі сутыкнуліся з пандэміяй каронавіруса. У першы час ім даводзілася працаваць пры дэфіцыце ахоўных сродкаў, адсутнасці інфармацыі аб новай хваробе.

«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты

Пасля падзей 9-11 жніўня менавіта медыкі гучна заявілі пра гвалт з боку сілавікоў. Медыкі станавіліся ў ланцугі салідарнасці, выходзілі выходзілі на акцыі, каб падтрымаць адлічаных студэнтаў, на мітынгі і маршы. Дзясяткі з іх былі пакараныя штрафамі і соднямі арышту.

Малюнак: Де Лёс

Ад медыкаў мы даведваліся пра маштабы міліцэйскага бязмежжа. Увосень беларускія медыкі распаўсюдзілі ў сетцы запіс размовы, у якой мужчына, які называе сябе начальнікам ізалятара на Акрэсціна, патрабуе ад начальства больніцы замяніць медыкаў, якія прыязджаюць у ІЧУ. Прычына – медыкі спачуваюць збітым.

Ад доктара БХМД Арцёма Сарокіна мы даведаліся, што збіты на плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка не быў п’яны. За разгалашэнне медычнай таямніцы доктара змясцілі ў СІЗА, яго прызналі палітвязнем.

Пенсіянеры

У пратэставую восень 2020 года беларускія пенсіянеры пачалі выходзіць на асобныя акцыі пратэсту. Маршы мудрасці збіралі тысячы ўдзельнікаў. З нядаўніх часоў пажылых людзей пачалі затрымліваць, судзіць і даваць штрафы.

12 кастрычніка супраць пенсіянераў ужылі слезаточны газ і святлошумавыя гранаты.

Малюнак: Де Лёс

Жанчыны

Жанчыны сталі сімвалам беларускай рэвалюцыі 2020 года. Яшчэ ў траўні жонка Сяргея Ціханоўскага, простая хатняя гаспадыня, пайшла ў прэзідэнцкую гонку замест затрыманага мужа. Калі з гонкі прыбралі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, жонка апошняга Вераніка і начальнік штаба банкіра Марыя Калеснікава аб’ядналіся са штабам Святланы Ціханоўскай. Трыумвірат правёў яркую перадвыбарчую кампанію.

Малюнак: Де Лёс

У жніўні тысячы жанчын выйшлі на вуліцы гарадоў – у белай вопратцы і з кветкамі. Так беларускія жанчыны пратэставалі супраць гвалту і беззаконня. Па суботах у Беларусі праходзілі шматлікія маршы жанчын.

Прызнана, што ў беларускага пратэсту 2020 года аблічча – жаночае.

Рабочыя

Асаблівасцю пратэстаў 2020 года сталі забастоўкі на заводах і прадпрыемствах. Шахцёры прыкоўвалі сябе кайданкамі і адмаўляліся падымацца з шахт, рабочыя выходзілі з афіцыйнага прафсаюзу, патрабавалі на сустрэчах з кіраўніцтвам спыніць гвалт і правесці новыя выбары.

«Ціханоўскую патрабуем вярнуць». Як пратэставалі рабочыя МТЗ і МАЗа

У жніўні рабочыя МТЗ прайшліся шэсцем ад заводу да плошчы Незалежнасці. Удзельнікаў забастовак пакаралі штрафамі, звальненнямі, яны зазналі прэсінг.

Малюнак: Де Лёс

Валанцёры

Гэты год стаў годам валанцёраў – звычайных беларусаў, якія ўзяліся масава дапамагаць іншым. Яны сталі героямі першай хвалі каронавіруса. А пасля выбараў валанцёры каля беларускіх турмаў рабілі і працягваюць рабіць усё, каб дапамагчы затрыманым і іх сваякам. У жніўні яны цэлыя содні дзяжурылі ля Акрэсціна, першымі сустракалі збітых людзей, фіксавалі пабоі, прапаноўвалі псіхалагічную дапамогу, дапамагалі дабрацца дадому.

Малюнак: Де Лёс

Журналісты

Журналісты, аператары, фатографы – сярод тых, хто больш за ўсё пацярпеў падчас пратэстаў. У іх адбіралі, ламалі тэхніку, саджалі на содні, давалі штрафы.

Тры журналісткі цяпер застаюцца ў СІЗА праз крымінальныя справы. Гэта карэспандэнткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, а таксама калега з TUT.BY Кацярына Барысевіч. Кацю і Дашу затрымалі пасля стрыму, які яны вялі з разгону плошчы Пераменаў. Кацярына Барысевіч апублікавала дадзеныя, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алкаголю.

Малюнак: Де Лёс

У 2020 годзе журналістаў затрымлівалі больш за 300 разоў, у рэдакцыях СМІ праходзілі ператрусы, кіраўнікі «Газеты Слонімскай» вымушаныя былі эміграваць, выпуск выдання – прыпынены.

У снежні быў разгромлены офіс арганізацыі «Прэс-клуб», пяцёра яго працаўнікоў на чале з заснавальніцай Юліяй Слуцкай змешчаныя ў СІЗА, супраць іх распачата крымінальная справа па падазрэнні ў няплаце падаткаў.

Суседзі

Небывалае развіццё ў 2020 годзе атрымала дваровая актыўнасць. Суседзі збіраліся на традыцыйныя чаяванні, канцэрты і лекцыі.

Разам дапамагалі тым, хто жыве ў нястачы, чакалі з содняў затрыманых, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы і дзіцячыя ранішнікі. Суседзі актыўна дапамагалі іншым дварам. Чаго толькі варта тое, як ратавалі Новую Баравую. Калі ў раёне адключылі ваду, суседзі ў дваровых чатах арганізаваліся і завезлі ў раён патрэбную ваду. Жыхары плошчы Пераменаў адкрывалі свае пад’езды і кватэры і хавалі незнаёмых ім людзей, каго маглі затрымаць.

Малюнак: Де Лёс

Людзі мастацтва

Разгромлены Купалаўскі тэатр, пакалечаны Гарадзенскі драматычны тэатр, затрыманні музыкаў падчас дваровых канцэртаў, вымушаная эміграцыя людзей творчых прафесіяў. Усё гэта таксама асаблівасць 2020 года.

Малюнак: Де Лёс

Людзі мастацтва і пацярпелі падчас пратэстаў, і стварылі шмат новых песень, твораў, тэатральных пастановак. З’явіўся асобны Фонд культурнай салідарнасці для дапамогі творчым людзям, якія пацярпелі падчас пратэстаў, пазбавіліся працы, вымушаныя былі зʼехаць.

IT-адмыслоўцы

Затрыманні і гвалт у дачыненні мірных пратэстоўцаў не абышлі бокам і прадстаўнікоў беларускіх IT-кампаніяў. IT-адмыслоўцы сталі прыкметнай сілай гэтых пратэстаў. Яны дапамагалі матэрыяльна пацярпелым, станавіліся валанцёрамі, стварылі альтэрнатыўную інфраструктуру выбараў – платформу «Голас», «Зубр».

Малюнак: Де Лёс

Цяпер прадстаўнікі гэтай сферы пачалі актыўна эміграваць з Беларусі, кампаніі закрываюць свае прадстаўніцтвы і з’язджаюць. Свой офіс у Менску ўжо закрыла кампанія «RakutenViber», пасля арышту работнікаў закрываецца «PandaDoc». Адʼезду з краіны не выключаюць і EPAM, «RozumRobotics» ды іншыя кампаніі. Асобнай праблемай для айцішнікаў стала перыядычнае адключэнне інтэрнэту ў краіне.

Студэнты

Студэнцкія акцыі ва ўніверсітэтах, забастоўкі студэнтаў і выкладчыкаў, лісты ў падтрымку адлічаных – тое, без чаго немагчыма ўявіць восень 2020-га. Месцаў ва ўніверсітэтах пазбавіліся дзясяткі студэнтаў, многія былі вымушаныя зʼехаць з краіны.

Малюнак: Де Лёс

Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі «Задзіночанне беларускіх студэнтаў» – гэта нацыянальны студэнцкі саюз, які прадстаўляе беларускіх студэнтаў у Еўропе, а ў сваёй краіне яны трапілі пад крымінальны пераслед.

Спартоўцы

Зоркі спорту сталі яскравым усполахам гэтага года. Сваю вядомасць, аўтарытэт, спартыўны характар і волю да перамогі яны выкарыстоўвалі на абарону інтарэсаў народа.

Малюнак: Де Лёс

За сваю пазіцыю многія спартсмены зазналі ціск, іх пазбаўлялі стыпендый, з імі разрывалі кантракты. На нядзельныя маршы пратэсту спартсмены выходзілі асобнай калонай, многія прадстаўнікі прафесійнага спорту былі затрыманыя і адседзелі содні.

Спартоўцы з народам

З’явіўся Фонд спартыўнай салідарнасці. Беларускія спартсмены дамагліся таго, каб МАК увёў санкцыі і адхіліў членаў НАК Беларусі ад Алімпіяды.

Людзі з інваліднасцю

Людзі з інваліднасцю неаднаразова выходзілі на свае асобныя шэсці. Іх таксама разганялі, не давалі збірацца і выказваць сваю пазіцыю. Іх акцыі сталі крыніцай натхнення для пратэстаў і салідарнасці беларусаў.

Малюнак: Де Лёс

Прадпрымальнікі

Людзі бізнесу таксама праявілі сябе самым дзіўным чынам у беларускую пратэставую восень. Яны раздавалі кветкі ўдзельніцам жаночых маршаў, разводзілі ваду і гарбату, дапамагалі матэрыяльна. Прадпрымальнікі актыўна пералічвалі грошы ў фонд дапамогі рэпрэсаваным by_help, далучаліся да страйку.

Малюнак: Де Лёс

У краіне былі зачыненыя дзясяткі ўстановаў праз удзел у агульнанацыянальнай забастоўцы, іх уладальнікам органы кантролю выпісвалі велізарныя штрафы, многія прадпрымальнікі былі вымушаныя эміграваць.

Помста прадпрымальнікам. Улады зачыняюць тых, хто баставаў

Беларусы замежжа

Гэта нечаканая сіла, наша сакрэтная зброя. Беларусы замежжа праявілі фантастычную салідарнасць з землякамі. Яны стаялі чэргі да амбасадаў, каб прагаласаваць, ладзілі экзіт-полы, выходзілі на акцыі салідарнасці, уплывалі на ўрады сваіх краінаў.

Малюнак: Де Лёс

Беларусы замежжа актыўна пералічвалі грошы на дапамогу рэпрэсаваным і дапамагалі тым, хто быў вымушаны з’ехаць.

Неймаверныя беларусы

Гэтым летам нам сказалі, што беларусы – неймаверныя. Спачатку было дзіўна гэта чуць. Але па сканчэнні некалькіх месяцаў барацьбы за сваю свабоду, праўду і справядлівасць, мы зразумелі, што гэта насамрэч праўда. Мы ўсе неймаверныя.

Малюнак: Де Лёс

ІК/ІР, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны