Як так здарылася, што ў 21 стагоддзі чалавецтва спалохалася віруса, людзі былі вымушаныя ізалявацца, а прадпрыемствы – прыпыніць працу? Суразмоўцы Belsat.eu – палітычны дзеяч і эканаміст Уладзімір Мілаў і палітолаг Павел Усаў вінавацяць ва ўсім дыктатараў, папулістаў і тых, хто не павінен ім верыць.
За 5 месяцаў каронавірус распаўсюдзіўся па свеце і заразіў больш за 2 млн чалавек. Як мы дапусцілі, што небяспечная інфекцыя выводзіць з ладу не толькі чалавечыя арганізмы, але і цэлыя галіны ў эканоміках краінаў?
Уладзімір Мілаў (далей УМ): Выхад сітуацыі з-пад кантролю наўпрост звязаны з палітыкамі і палітычным упарадкаваннем шэрагу найважнейшых краінаў. Усё з каронавірусам было б па-іншаму, калі б у свеце не мелі палітычнай вагі дыктатуры і папулісцкія неадказныя ўрады ў развітых дэмакратычных краінах.
Першым стаўся няправільны крок кітайскіх уладаў, якія не маюць звычкі даваць справаздачы насельніцтву і прасоўваюць уласныя інтарэсы, а замест забеспячваць здароўе і дабрабыт насельніцтва. Кітай дазволіў вірусу распаўсюджвацца: камуністычная ўлада 2 месяцы стрымлівала не каронавірус, а распаўсюд інфармацыі пра яго».
Каронавірус як раз найбольш распаўсюдзіўся ў Італіі, дзе ў апошнія гады ва ўладзе знаходзіцца папулісцкі ўрад і ў Паўночнай Амерыцы…
УM: Урад Італіі ў гэтай сітуацыі прыняў няправільныя і нясвоечасовыя захады. Што яшчэ раз даказвае тое, што папулісты выкарыстоўваюць людзей для атрымання ўлады, а потым не клапоцяцца пра іх.
Яшчэ горш выглядае сітуацыя ў самай развітой краіне свету, светачы дэмакратыі – у ЗША, дзе цяпер ва ўладзе прэзідэнт-папуліст, які ў разгар эпідэміі казаў, што ўсё гэта – змова дэмакратаў і што няма ніякага каронавіруса.
Трамп прызначыў кіраўніком працоўнай групы ў барацьбе з каронавірусам віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса, які адмаўляе сучасную медыцыну, а працу групы пачаў з усеагульнай малітвы. Акрамя таго, Трамп за час свайго кіравання паслядоўна скарачаў і працягвае настойваць на скарачэнні фінансавання дзяржаўнага цэнтру кантролі распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў.
УМ: У Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан казаў, што нейкая частка насельніцтва памрэ, і што яму вельмі шкада. Урад абвясціў, што не будзе прымаць жорсткіх захадаў, што насельніцтва павінна заразіцца і выпрацаваць імунітэт, але ў выніку сітуацыя выйшла з-пад кантролю і ўрад са спазненнем прымае меры па ўзмацненні каранціну. Дыктатура і папулісты – гэта ня проста смешны паварот у міжнароднай палітыцы, гэта пагроза вашаму дабрабыту, вашаму здароўю і вашаму жыццю.
Павел Усаў (далей ПУ): Адказнасць за сітуацыю з каронавірусам ляжыць на ўладах асобных краінаў і на міжнародных арганізацыях, перш за ўсё на Сусветнай арганізацыі здароўя. Папулісцкія ўрады былі і будуць заўсёды. Але ў дадзенай сітуацыі памылкі дапускалі і адказныя ўрады, як у Германіі і Францыі. Мяркую, што Сусветная арганізацыя здароўя і асобныя ўрады папросту не змаглі адэкватна ацаніць пагрозу і наступствы распаўсюджвання гэтай віруснай інфекцыі. Яны не былі да гэтага гатовыя, таму што ў сваёй большасці дзяржавы сучаснага свету не сутыкаліся з падобнаю праблемай.
Хтосьці недаацаніў праблему, але былі і тыя, хто казаў, што каронавірус – гэта фэйк…
ПУ: Пэўна, што нават без усведамлення маштабу праблемы ня варта было, да прыкладу, уладам Расеі і прапагандысцкай машыне, якая іх абслугоўвае, адмаўляць сур ёзнасць ‘віруса, смяяцца над панічнымі настроямі ў Еўропе, казаць пра няздольнасць дэмакратычных рэжымаў эфектыўна супрацьстаяць пагрозе. Сёння ўвесь свет убачыў, на колькі бяссільнаю і слабой аказалася расейская сістэма перад абліччам эпідэміі.
Чаму каранцін у Расеі ўсё ж увялі?
ПУ: Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што жорсткая палітыка ізаляцыі і каранціну пачалася толькі пасля трагедыі ў Італіі: каранцін стаўся эфектам не процідзеяння самому па сабе вірусу, а імкненнем пазбегчы «італьянскага кейсу». Толькі драматычныя падзеі ў Італіі паказалі патэнцыял пагрозы, якіх не змаглі ацаніць медыкі-вірусолагі і палітыкі. А як вядома, для жорсткіх захадаў патрэбныя рэальныя прыклады, а не роздумы.
Расея закрыла сімвалічную мяжу з саюзнай Беларуссю, дзе каранцін не ўводзяць. Лукашэнка зноў разумнейшы за ўсіх?
ПУ: Беларускі рэжым – гэта яшчэ адзін прыклад неадэкватнай рэакцыі на вірусную пагрозу. Улада ня толькі адмовілася своечасова выкарыстоўваць захады прафілактыкі, але і мэтанакіравана ўтойвае інфармацыю пра колькасць хворых, маніпулююць звесткамі і дыягназамі, свядома заніжаюць рэальную пагрозу, а любыя спробы журналістаў або медыкаў данесці праўду – жорстка спыняюцца рэпрэсіўнымі органамі. Атрымліваецца, што ўлада свядома змагаецца не супраць віруса, а супраць здароўя сваіх грамадзянаў. І ў гэтай сітуацыі, як і ў выпадку з Кітаем, Сусветная арганізацыя здароўя прымае на веру афіцыйныя звесткі ўладаў, павярхоўна ацэньваючы эпідэміялагічную абстаноўку.
Хто ж будзе адказваць за наступствы?
ПУ: Што датычыць дэмакратычных сістэмаў, то якою б папулісцкаю і на першы погляд бестурботнаю не была б іхная ўлада, ёй давядзецца адказваць перад грамадскасцю за
свае прамашкі, што малаімаверна ў выпадку дыктатарскіх або аўтарытарных рэжымаў. Апошнія павесяць адказнасць на іншыя краіны або на ўласны народ.
Чытайце таксама:
ВС/ЮЦ Belsat.eu