Выданне «The Insider» публікуе дакументы, у якіх нібыта адлюстроўваюцца планы Адміністрацыі прэзідэнта Расеі на беларускім напрамку. Паводле рэсурсу, упраўленне прэзідэнта РФ па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі, якое ўзначальвае генерал СВР Уладзімір Чарноў, Крэмль актыўна працуе ў Беларусі. Цяпер вядзецца праца па стварэнні новай партыі «Права народа», якая будзе выступаць супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з Расеяй.
Расея імкнецца захаваць уплыў у Беларусі. Адміністрацыя Крамля актыўна шукае магчымасці дзеля гэтага і цяпер імкнецца не толькі патрапіць у кіроўныя органы ўсіх апазіцыйных структураў, але і стварае свае грамадскія арганізацыі і сетку мясцовых лідараў грамадскай думкі.
Першы з дакументаў, якія апынуліся ў распараджэнні The Insider, – «Стратэгія працы ў Рэспубліцы Беларусь». Ён падрыхтаваны ў верасні 2020 года. Сярод іншага там ёсць пункты аб тым, што трэба зрабіць для «захавання ўплыву ў Беларусі». Адна з ідэяў – «сфармаваць інфармацыйную інфраструктуру дзеля захавання грамадска-палітычнага ўплыву пры любым сцэнары».
Другі дакументы – гэта выступ генерала Уладзіміра Чарнова. З гэтага дакументу вынікае, што «ў Беларусі расце масавае і глыбіннае непрыманне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ўсё мацней захоплівае адміністрацыйныя пласты». Таму ўлады Расеі імкнуцца зладзіць канстытуцыйную рэформу і перадаць уладу парламенту, які сфармуюць сілы лаяльныя Маскве. Акрамя імкнення пераходу Беларусі да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, у Расеі ўжо запланавалі маштабную прыватызацыю дзяржаўнага сектара, «дэмантаж цэнзуры» і «павагу свабоды і годнасці асобы», што гучыць даволі іранічна, улічваючы, дзе гэтая праграма складалася, піша «The Insider».
Таксама сярод дакументаў ёсць спіс «актыву», які прыцягваецца адміністрацыяй прэзідэнта Расеі да працы па Беларусі.
У дакументах фігуруюць прозвішчы Аляксандр Швец, Мікіта Лагавы, Віталь Купрык. Імаверна, што яны стануць лідарамі ў новай расейскай партыі з працоўнай назвай «Права народа».
Калі менавіта адбудзецца ўстаноўчы з’езд партыі – невядома.
Крэмль разлічвае перавесці незадаволенасць беларусаў у бок «канстытуцыйных рэформаў», спадзеючыся, што гэта адцягне ўвагу грамадзянаў ад барацьбы супраць скрадзеных выбараў.
«Мы не прыхільнікі гвалтоўных рэвалюцый і рэвалюцыйных пераўтварэнняў, – абвяшчае праграма. – Мы прыхільнікі рашучых рэформаў, якія сфармуюць трывалыя ўмовы і механізмы для рэалізацыі годнасці грамадзянаў і годнасці Рэспублікі Беларусь».
Наша калега, палітычны аналітык Ігар Ільяш у сваім тэлеграм-канале «Беларускі Данбас» пракаментаваў артыкул выдання.
«На дадзеным этапе Лукашэнку патрэбны Крамля як чалавек, які зробіць усю брудную працу: задушыць народныя пратэсты, знішчыць у Беларусі ўсё празаходнія і нацыянальна-арыентаваныя сілы. А калі прастора будзе канчаткова зачышчаная, ад Лукашэнкі пазбавяцца дакладна так, як Расея раз за разам пазбаўлялася ад нязручных лідараў «ЛДНР». Лукашэнка проста заменяць кімсьці больш паслухмяным і прадказальным. Як вынікае з дакументаў генерала Чарнова, магчыма, гэта будзе не хтосьці, а штосьці: прарасейскі парламент, дзе большасць будзе ў марыянеткавай партыі Крамля. Пасля такога апдэйта беларускай дыктатуры можна будзе ўшчыльную заняцца паглынаннем Беларусі», – піша Ігар Ільяш.
СК belsat.eu