Падчас візіту на МТЗ Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што ў бліжэйшы час сфармуе новы склад ураду, кіраўнік краіны адказаў і на пытанні працаўнікоў заводу, паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка распавёў, што фармаванне новага ўраду перад прэзідэнцкімі выбарамі зʼяўляецца звычайнай практыкай. Пры гэтым працаўнікі заводу пацікавіліся ў Лукашэнкі, ці прапаноўваў ён аднаму з альтэрнатыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі пасаду прэмʼер-міністра.
«Я разумею, што гэты банкір дзесьці зрабіў, – бачыў у інтэрнэце заяву, што яму нібыта да выбараў нешта прапаноўвалі. Гэтаму банкіру якраз падумаць, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў. І наагул са школы і вас, і мяне вучылі: не хлусі. У Беларусі толькі адзін чалавек па Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэмʼер-міністра і ўнесці кандыдатуру ў парламент для зацвярджэння. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які вопыт у яго, каб быць прэмʼер-міністрам», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка распавёў, што ў бліжэйшы час агучыць асобу выконваючага абавязкі прэмʼера. Пры гэтым кіраўнік краіны раскрытыкаваў Віктара Бабарыку.
«Магчыма, гэтаму чалавеку прапаноўвалі пасаду прэмʼер-міністра ў іншай краіне. Але я так прыкінуў, думаю: у адной нядаўна прызначылі Мішусціна. Там маглі яму прапанаваць. Вы ведаеце, на чые грошы ён вылучаецца. Ва Украіне Уладзімір Зяленскі нядаўна наагул памяняў прэмʼер-міністра. Таму, па-мойму, гэта блеф. Такі дробны блеф і падман», – дадаў Лукашэнка.
СК belsat.eu