Каронавірус імкліва ахоплівае Беларусь. Пасля таго як Лукашэнка загадаў не хаваць інфармацыю па эпідэміі ў краіне, колькасць заражаных у афіцыйнай статыстыцы рэзка ўзрасла. Пік захворвання чакаюць да канца красавіка. Беларуская эканоміка і імідж уладаў коцяцца пад горку на фоне росту актыўнасці грамадзянскай супольнасці. Чым пагражае каронавірус беларускай уладзе і персанальна Лукашэнку?
Ратаваць эканоміку – першачарговая задача. Менавіта такі пасыл нясуць выказванні Аляксандра Лукашэнкі на мерапрыемствах рознага ўзроўню. Кіраўнік дзяржавы патрабуе ўжываць кропкавыя меры па барацьбе з каронавірусам, аднак жорстка падыходзіць да пытанняў эканомікі краіны.
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:
«Як у нас тут гавораць вакол – каранцін, каменданцкая гадзіна. Гэта прасцей за ўсё. Гэта мы зробім цягам содняў, але жэрці што будзем?»
Гэтае пытанне становіцца ўсё больш вострым з пагаршэннем агульнай эканамічнай сітуацыі. Так Беларусь ужо выдаткавала больш за 850 мільёнаў $ са сваіх золатавалютных рэзерваў на валютныя інтэрвенцыі для перадухілення падзення курсу беларускага рубля. Усяго ж з пачатку года рэзервы знізіліся на больш, чым паўтара мільярда долараў, а гэта цэлых 17%.
Леанід Фрыдкін, эканаміст:
«Некаторым кампаніям да зарэзу будзе патрэбна нейкая фінансавая дапамога, калі не ў выглядзе прамых датацыяў, то ў выглядзе падатковых вакацыяў, адтэрміноўкі па крэдытаванні, атрыманні льготных крэдытаў. Мы сутыкнуліся з такой парадаксальнай сітуацыяй, што ўсе тыя меры, якія да гэтага часу дзяржава адрасавала сельскай гаспадарцы і асобным прыярытэтным праектам – цэментнай галіне і дрэваапрацоўцы – сёння неабходныя ўсяму малому прыватнаму бізнесу».
Аднак дзяржава ідзе іншым шляхам і замест максімальнай падтрымкі малому і сярэдняму бізнесу з мэтай перадухілення масавага закрыцця фірмаў і росту беспрацоўя пакуль што ўводзіць дзяржаўнае рэгуляванне коштаў на яшчэ большы пералік тавараў, сярод якіх мясныя кансервы, кава, запалкі, мыла, маскі і антысептыкі. Плануюць стрымаць рост коштаў, а з вялікай верагоднасцю атрымаюць пустыя прылаўкі і добрую глебу для карупцыі.
Павел Усаў, палітолаг:
«Я сумняваюся, што Лукашэнка адважыцца пайсці на нейкія ліберальныя змены, рэформы, і тым больш на нейкі дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Ён будзе старацца ўтрымліваць сітуацыю пад кантролем з дапамогай рэпрэсійна-адміністрацыйных захадаў, як гэта было ў перыяд фінансавага крызісу 2008-10 гадоў. Тым больш, што мы маем выбарчы год».
Паводле ацэнак экспертаў, Беларусі можа пагражаць эканамічны спад у лепшым выпадку ад 1,5% да 5%. Гэта можа пацягнуць рост інфляцыі і прывесці да чарговай дэвальвацыі беларускага рубля. Што непасрэдным чынам адаб’ецца на дабрабыце насельніцтва.
Леанід Фрыдкін, эканаміст:
«Калі мадэляваць сітуацыю каранціну з эканамічнага пункту гледжання, то гэта велізарныя страты, якія адабʼюцца на ўсіх абсалютна. І гэтыя страты прыйдзецца папаўняць або залазячы ў даўгі, або адмаўляючыся ад вельмі многіх выдаткаў. З іншага боку, уладам было б няшкодна адмовіцца ад некаторых зусім непатрэбных і марнатраўных мерапрыемстваў».
Аднак гэты ход недапушчальны для ўладаў Беларусі ў сілу ідэалагічных прычынаў.
«Частка беларускага грамадства патрабавала ад беларускіх уладаў неадкладных мер па ліквідацыі наступстваў каронавірусу, увядзення каранціну. На фоне гэтага Лукашэнка пакепліваў і жартаваў, што выклікала яшчэ большую незадаволенасць і раздражненне ў часткі грамадства. І адмена параду азначае праяву і дэкларацыю ўласнай слабасці і бяссілля. На што Лукашэнка пайсці не можа», – упэўнены Павел Усаў.
Нейкія меры прымаць усё роўна прыйдзецца. Пакуль толькі сталічныя ўлады ўвялі частковыя абмежаванні на масавыя мерапрыемствы (адмена выставаў, прэзентацыяў), заклікалі трымаць сацыяльную дыстанцыю паўтара метра, рэкамендавалі зачыніцца начным клубам, кальянным і боўлінгам, а таксама дазволілі не вадзіць дзяцей у школы і сады. Для студэнтаў жа рэкамендавалі дыстанцыйнае навучанне.
Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту Belarus Security Blog:
«У Менску было 2,5 месяцы, на працягу якіх можна было зрабіць пэўныя высновы з вопыту развіцця эпідэміі ў іншых краінах. Магчыма, гэтыя высновы і былі зробленыя, але яны не трансфармаваліся ў канкрэтныя рашэнні. Зараз, на жаль, час упушчаны, і нешта будзе рабіцца на хаду, але гэта будзе каштаваць вялікіх грошай у прамым значэнні (хоць бы таму, што тое медычнае абсталяванне і тыя тавары, у якіх мы маем патрэбу, рэзка выраслі ў цане, часта ў 10 разоў). А другі момант – гэта будзе каштаваць жыццяў, і людзі гэта запамятаюць».
Для таго, каб запамятавалі як мінімум менш, зараз ужо праводзяцца неабходныя мерапрыемствы – да прыкладу, у рукі СМІ ўжо трапілі ўзоры падпісак аб неразгалошанні сітуацыі з каронавірусам, якія абавязваюць падпісваць лекараў. А дзяржаўная прапаганда па максімуме запіхвае тэму пандэміі на задні план, больш увагі надаючы той жа пасяўной кампаніі.
«Інфармацыю хаваць не трэба. Не дай Бог, дзесьці нейкі падман. У наш час у нашай рэспубліцы падмануць нікога не магчыма. І калі вы адзін раз падманяце, вам ніхто верыць не будзе», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Недавер грамадства ўладам цяпер відаць не столькі па выказваннях, колькі па актыўнасці. Не дзяржаўныя ініцыятывы, а грамадзянскія актывісты вядуць збор сродкаў на дапамогу шпіталям і ўрачам, дастаўляюць сродкі абароны, медыкаменты і нават бытавую тэхніку ўстановам аховы здароўя, якім гэтага катастрафічна не хапае. На фоне заспакойлівай рыторыкі і часцяком бяздзейнасці ўладаў менавіта рэальная дапамога трэцяга сектару – галоўны фактар, які негатыўна ўплывае на імідж як сістэмы ў цэлым, так і Лукашэнка ў прыватнасці.
«Лукашэнка больш не той чалавек, які прыносіць грошы ў краіну. Лукашэнка – той чалавек, дзякуючы якому грошы ў краіну не прыходзяць. Гэта ўбачылі ўсе і на ўсіх узроўнях. І безумоўна, гэта сур’ёзны і іміджавы ўдар, і ўдар па яго палітычнай будучыні ў тым плане, што ён больш не ўспрымаецца ў якасці моцнага і эфектыўнага, ці можа быць нават большасці несімпатычнага, але ўсё ж эфектыўнага кіраўніка дзяржавы. Усе ўбачылі, што ён не ў стане хутка прымаць адэкватныя рашэнні, што ён неэфектыўны, што ён стварае праблемы, а не вырашае іх», – лічыць Андрэй Паротнікаў.
І гэты факт кажа аб тым, што ўлада будзе схільная ўжываць жорсткія метады для недапушчэння пераходу сацыяльнага незадаволенасці ў палітычны пратэст.
Зміцер Міцкевіч/ІР belsat.eu
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum
Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» «ПраСвет» 10.04.2020
Іншыя тэмы выдання: