Лукашэнку заявілі, што экалагічных праблемаў са светлагорскім заводам няма

Лукашэнка на светлагорскім заводзе. Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі 14 лютага наведвае Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і пабудаваны на яго базе завод сульфатнай беленай цэлюлозы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці вырашаныя ўсе экалагічныя пытанні пры стварэнні новай вытворчасці.

«Дрэннага паху няма?» – спытаў ён, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Прэзідэнт прылятае, а вакол смурод стаіць». Актывістка са Светлагорску распавяла пра сваё пытанне Лукашэнку

Старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў запэўніў, што праблем няма. Паводле яго, інакш бы не падпісалі акту ўводу прадпрыемства. Назараў адзначыў, што завод уведзены ў эксплуатацыю, працуе і паступова выходзіць на праектную магутнасць.

Кіраўнік дзяржавы таксама цікавіўся схемай, па якой на прадпрыемства пастаўляецца сыравіна. У прыватнасці, ён даручыў, «каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашаная сёлета».

Паводле яго, дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскі ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны і перапрацоўваць «наша багацце» «ў паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак».

Светлагорцы задыхаюцца ў смуродзе з цэлюлознага заводу

Дамова з кітайскай карпарацыяй САМСЕ на будаўніцтва заводу была заключаная ў кастрычніку 2010 года, агульны кошт праекту па будаўніцтве заводу складае каля $ 850 млн.

Завод беленай цэлюлозы, пабудаваны ў межах беларуска-кітайскага праекту, пачаў працаваць у пачатку 2018 года. Але яшчэ да пабудовы заводу мясцовыя жыхары сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць прадпрыемства. Эксперты звярталі ўвагу на нізкую якасць вытворчага працэсу і экалагічныя негатыўныя наступствы. Пасля запуску вытворчасці навакольныя жыхары пачалі цярпець ад стойкага смуроду.

«Кітайскі завод» у Светлагорску беларусы дабудуюць самастойна

Летась у траўні будаўніцтва заводу ў Светлагорску праінспектаваў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і паскардзіўся на кітайскіх падрадчыкаў, якія зацягваюць будаўніцтва і парушаюць інструкцыі. У тым ліку, кіраўнік ураду прызнаў, што на светлагорскім заводзе сёлета абваліўся дах. Пра намер скасаваць кантракт з кітайцамі на камбінаце заявілі 2 жніўня.

У выніку было вырашана, што Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат завершыць рэалізацыю кітайскага інвестыцыйнага праекту па будаўніцтве заводу сульфатнай беленай цэлюлозы самастойна, з прыцягненнем беларускіх падрадчыкаў.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны