Менскія студэнты стварылі сэрвіс, праз які можна мяняцца ежай і рэчамі з суседзямі

«Covidex Bot» разлічаны на тых, хто падчас пандэміі знаходзяцца на самаізаляцыі, але ім патрэбная ежа або лекі. Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Каб ім скарыстацца, трэба падаць імя, адрас, спіс рэчаў, якія хочаце абмяняць і тое, што хочаце атрымаць наўзамен. Стваральнікі дбаюць аб канфідэнцыйнасці звестак: інфармацыю пабачаць толькі суседзі пры ўмове згоды на абмен.

Трое менскіх студэнтаў стварылі чат-бот у «Telegram», які дапамагае менчукам абменьвацца патрэбнымі рэчамі са сваймі суседзямі. Ідэя «Covidex Bot» прыйшла да Паўла Прата, калі ён пабачыў, што адбываецца ў розных краінах ЗША і Еўропы, дзе ўвялі жорсткі каранцін і людзі не заўсёды маюць магчымасць выйсці з хаты.

Адзін з заснавальнікаў «Covidex Bot» Павел Прата. Фота з асабістага архіву

Чат-бот – гэта праграма ўнутры мэсэнджару, якая імітуе размову з карыстальнікам. Праз адказы на пытанні яна збірае, а потым сартуе і распаўсюджвае інфармацыю сярод іншых карыстальнікаў.

«Covidex Bot» разлічаны на тых людзей, якія падчас пандэміі знаходзяцца на самаізаляцыі, але ім патрэбная ежа ці медыкаменты. Камусьці бракуе тавараў першай неабходнасці, а ў іншых жа, напрыклад, ежы вельмі шмат. Абмен – выгаднае рашэнне для ўсіх», – гаворыць Павел.

Мікіта Герасімчык адказвае за маркетынг, Максім Капусцін займаецца тэхнічным бокам.

Беларусы стварылі мапу самаізаляцыі. Яна лічыць, колькі людзей засталося дома праз каронавірус

Распрацоўка заняла тры тыдні. Уся праца адбывалася на адлегласці: каманда камунікавала паміж сабой у розных мэсэнджарах. Урэшце 20 красавіка сэрвіс пабачыў свет.

«Мы студэнты апошніх курсаў розных ВНУ, зараз занятыя напісаннем дыпломаў і асноўнымі працамі. Таму «Covidex Bot» мы стваралі ў вольны час. Працавалі то ранкам, то ўначы, часам на выходных», – кажа Мікіта Герасімчык.

Мікіта Герасімчык адказвае за маркетынг праекту «Covidex Bot». Фота з асабістага архіву

Сэрвіс бясплатны і мае на мэце аб’яднаць суполкі па абмене рознымі рэчамі, якія існуюць у беларускім інтэрнэце.

«Мы з імі не хочам канкураваць, нашая мэта – аўтаматызаваць працэс абмену паміж суседзямі», – тлумачыць Павал Прата.

За амаль тыдзень існавання чат-бота ім ужо скарысталіся больш за 100 чалавек. Найбольш часцей менчукі мяняюцца медычнымі маскамі і ежай.

У планах – выхад на міжнародныя рынкі

Стваральнікі заяўляюць, што збіраюцца заняцца актыўным прасоўваннем праекту. Калі праект добра прымуць, то, магчыма, яго перанясуць у іншы мэсэнджар або зробяць спецыяльны сайт.

Калі сэрвіс стане паспяховым у Беларусі, стваральнікі плануюць адаптаваць сэрвіс пад іншыя мэсэнджары і выйсці на еўрапейскі і амерыканскі рынкі.

«Трэба дзейнічаць». Беларусы стварылі мапу для медыкаў і валанцёраў «спасём.бел»

Пра тое, каб зарабляць на праекце, хлопцы пакуль што не думалі. А калі пандэмія пойдзе на спад, плануюць зрабіць з чат-бота сэрвіс па абмене ежай.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны