Менскую «дзясятку» перапрафілявалі пад пнеўманіі. Адзін з медыкаў інфікаваны каронавірусам

Ад 3 красавіка менская 10-я гарадская клінічная больніца лечыць пацыентаў з пнеўманіяй з пацверджаным дыягназам COVID-19 і з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю. Пра гэта belsat.eu распавяла доктарка, якая працуе ў 10-й больніцы, і пацвердзіў фельчар адной з падстанцыяў хуткай дапамогі.

Паводле доктаркі, толькі за 3 красавіка ў «дзясятку» даставілі 30 чалавек з дыягназам пнеўманія. Усіх пацыентаў, якія раней былі на лячэнні, выпісалі або перавялі ў іншыя шпіталі. Таксама крыніца «Белсату» пацвердзіла, што адзін з медыкаў 10-й больніцы мае пацверджаны дыягназ COVID-19.

Агулам у 10-ай гарадской клінічнай больніцы 1 070 месцаў для хворых.

«Яна памерла за паўдня». Доктарка менскай «чацвёркі» пра тое, што забаронена казаць

Фельчар менскай хуткай, які сам цяпер стаў кантактам першага ўзроўню, распавёў «Белсату», што за мінулы вечар і ноч у Менску шпіталізавалі больш за 90 пацыентаў з каронавірусам.

«Гэта былі менавіта не кантакты, а COVID-станоўчыя пацыенты. Я асабіста завёз дваіх, мой калега – 5 чалавек. А ў горадзе ўсяго 11 падстанцыяў», – кажа ён.

Фота «Белсат»

Паводле фельчара, 10-ю больніцу цалкам вызвалілі пад хворых на каронавірус яшчэ ўчора.

«З рэанімацыі вывезлі пацыентаў з іншымі дыягназамі, развезлі іх па іншых шпіталях. У «дзясятцы» працуюць цяпер толькі на прыём COVID. Фармальна пачынаюць рабіць гэта 6 красавіка, але я ўчора ўжо завёз туды дваіх. Прычым абодва – медыкі: медсястра таго ж шпіталю і неўролаг са шпіталю хуткай дапамогі», – кажа суразмоўца «Белсату».

Акрамя таго, ён кажа, што неўзабаве пад пнеўманіі могуць перапрафіляваць 8-ы шпіталь, які спецыялізуецца на гінекалогіі, і 11-ы рэабілітацыйны.

Фельчар скардзіцца, што медыкам – вельмі цяжка: сярод іх шмат кантактаў першага ўзроўню, але належнае абследаванне праходзяць далёка не ўсе.

«Даводзіцца хадзіць на працу, пакуль не адчуеш сімптомаў», – дадае мужчына.

Беларускія лекары запісалі відэазварот: Заразіцца большая частка насельніцтва

  • Афіцыйна ў Беларусі на дзень 4 красавіка зафікасаваныя 440 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі (394 на лячэнні і 41 чалавек выздаравеў). Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла смерць 5 пацыентаў з каронавірусам па стане на 4 красавіка. Імёны памерлых не агучваліся.

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны