МЗС Расеі абвінаваціў Захад ва ўмяшанні ў беларускія выбары

Афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што Брусель, ініцыюючы рэзалюцыю па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, дэманструе ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны. Пра гэта паведамляе ТАСС.

«На фоне бесперапыннага патоку абвінавачванняў з боку заходніх партнёраў аб нібыта расейскім следзе ў выбарах у іхных краінах, прычым усё гэта, як заўсёды, бяздоказна, выклікае здзіўленне тое, што як належнае ўспрымаецца ўласнае, рэальнае, а не ўяўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы праз ініцыяванне такіх рашэнняў Савету [па правах чалавека]. Мы лічым такі падыход недапушчальным», – сказала Захарава.

Захарава таксама адзначыла «крайнюю палітызаванасць і эмацыйны характар» дыскусіяў па сітуацыі ў шэрагу краін, у тым ліку і ў Беларусі, на 44-й сесіі Савету па правах чалавека ААН у Жэневе.

Такія заявы прагучалі на фоне пастаяннага імкнення расейскага боку паскорыць падпісанне «дарожных мапаў» паглыбленай інтэграцыі з Беларуссю.

***

Нагадаем, 9 жніўня ў Беларусі адбудуцца выбары прэзідэнта. Выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах рэпрэсіяў супраць грамадскай супольнасці. За кратамі застаюцца больш за два дзясяткі палітвязняў. Захад неаднаразова выказваў заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі і заклікаў вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах. У адваротным выпадку ўладам Беларусі могуць пагражаць асабістыя санкцыі.

Еўрапейскія палітыкі пагражаюць Лукашэнку санкцыямі за рэпрэсіі

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны