У Крычаве для правядзення перадвыбарчых пікетаў вызначылі стадыён у мікрараёне «Сож». На ўваходзе на стадыён стаялі супрацоўнікі міліцыі ў форме, але ніякага дагляду яны не ажыццяўлялі, проста праваджалі людзей сумнымі позіркамі. На самім стадыёне міліцыі было значна болей: супрацоўнікі ў цывільным сядзелі сярод слухачоў, вялі відэаздымку пікету на камеры і мабільныя тэлефоны, назіралі за сітуацыяй.
«Мы прыйшлі, але нам вельмі страшна, бо тут шмат міліцыі. Яны нас здымаюць. Апрануты яны не па форме», – кажуць маладыя дзяўчыны, якія прыйшлі на пікет. «Тут з камерай ходзіць міліцыянт, які і ў звычайныя дні хаваецца па кустах і за ўсімі сочыць у Крычаве. Усе мясцовыя баяцца міліцыю. Яе ў горадзе вельмі шмат і імідж у іх проста ніякі», – працягваюць дзяўчыны.
Яны самыя прыйшлі на пікет нягледзячы на страх, бо для іх гэта вельмі важна. Яны хочуць выразіць сваю нязгоду з тым, што адбываецца па ўсёй краіне – хапуны мірных людзей, і што адбываецца ў самым Крычаве – горад у заняпадзе.
Па словах дзяўчын, раней Крычаў развіваўся, тут працаваў цэментнашыферны завод. «Цяпер завод можна закалочваць дошкамі. Акрамя заводу мы згубілі ўсё – адпачыць няма дзе. Для моладзі нічога няма. Усе бягуць з Крычава. І самае галоўнае, што ўсім напляваць на людзей», – канчаюць свой сумны расповед дзяўчыны.
Шмат міліцыі ў цывільным заўважыў і іншы жыхар Крычава Сяргей Няроўны. Журналіст па прызванню і назіральнік за выбарамі на сёння, Сяргей кажа, што на трыбунах стадыёну акрамя міліцыі сядзіць шмат чыноўнікаў і розных начальнікаў, напрыклад, дырэктар аднаго прадпрыемства.
«Зразумела, што ім загадалі сюды прыйсці. Навошта – пакуль не ведаю, будзе бачна далей. Са старой апазіцыі я тут мала каго бачу. Прыйшлі новыя, незнаёмыя людзі. Тыя, каму няма чаго губляць», – кажа Сяргей Няроўны.
Па словах Сяргея Крычаў сёння вельмі дэпрэсіўны горад, як і ўвесь рэгіён. Многія, хто ездзіў на заробкі ў Расею, цяпер сядзяць дома праз закрытыя межы. Грошы ў людзей канчаюцца, няма за што жыць. Паводле афіцыйнай статыстыцы беспрацоўных нібыта каля 50 чалавек, а ў мінулым толькі ў Крычаве «лісты шчасця» атрымалі 4 тысячы «дармаедаў».
«Людзі позна даведаліся пра пікет. Так бы было нашмат болей наведнікаў», – кажа Сяргей.
Хаця ў параўнанні з тым жа Слаўгарадам, дзе пікет у падтрымку Ціханоўскай прайшоў некалькімі гадзінамі раней, то ў Крычаве сабралася нашмат болей – некалькі соцень чалавек.
Яшчэ Сяргей кажа, што на сустрэчу з самой Ціханоўскай прыйшлі бы людзі, бо яе тут вельмі падтрымліваюць. Але ж гэта сустрэча толькі з даверанымі асобамі, таму такая колькасць людзей.
Трэба зазначыць і тое, што калі ў Быхаве ці Слаўгарадзе пікеты праходзілі ў цэнтры гораду і людзі маглі іх раптам пабачыць, то ў Крычаве пікет праходзіў у вельмі схаваным ад мінакоў месцы – на стадыёне ў глыбі жылога раёну. Таму выпадковых людзей тут няшмат.
Не маглі не звярнуць увагу на вялікую колькасць міліцыі на пікеце і давераныя асобы Святланы Ціханоўскай. У сваім выступе Уладзімір Шанцаў звярнуўся непасрэдна да міліцыянтаў:
«У краіне мусіць быць міліцыя. Калі нам цяжка, мы звяртаемся да вас. Мы вас паважаем, але паважайце і вы нас. Узгадайце, што вы давалі прысягу не аднаму чалавеку, вы давалі прысягу народу. Таму выконвайце свой абавязак перад народам! Будзьце з намі», – прамовіў у мікрафон Уладзімір Шанцаў.
Фармат пікету ў Крычаве нічым не адрозніваўся ад іншых пікетаў: музычныя выступы і вольны мікрафон. «Вы маўчалі 26 год, за гэты час у вас накапілася, вам дакладна ёсць, што сказаць», – запрашала жыхароў Крычава выступіць іншая давераная асоба Ціханоўскай Таццяна Сівачэнка. І людзі выходзілі да мікрафону даволі актыўна.
Мужчына, які не прадставіўся, распавёў сваю гісторыю:
«Зараз у Беларусі жыць немагчыма. Я паўгода працаваў у Аўстрыі сантэхнікам. Магілёўскіх там вельмі шмат, бо тут няма працы. А там сапраўды атрымліваюць заробкі 1200 еўра. Прадукты харчавання там танней, чым у нас. У Аўстрыі мне паказалі іхныя вёскі: там у кожным мястэчку свой верталёт і свая больніца. У нас верталёт есць толькі ў аднаго чалавека. У нас на больніцы няма грошай, у нас ні на што няма грошай. Хаця мы сплачваем падаткі. Той жа падатак на дарогу. Чаму ў нас няма нармальных дарог?», – выказаўся мужчына.
У сваім выступе мужчына прывёў такі прыклад. Праз Беларусь едзе шмат замежных фур. Кожная з іх сплачвае за праезд па тэрыторыі Беларусі па 35 еўра. Калі ўлічыць колькасць такіх фур за дзень, то гэта мільёны еўра. Мужчына пытаецца, дзе гэтыя грошы і дадае: «Навошта табе столькі рэзідэнцый? Што ты там будзеш рабіць? Аддай грошы. Няхай лепей школу пабудуюць!».
Адчувалася, што ў людзей сапраўды накіпела і яны на пікеце ў падтрымку Ціханоўскай выказваюць усё, што думаюць. Напрыканцы пікету людзі ўзняліся з трыбунаў і выйшлі да каманды «Страны для жизни», каб усе разам спець песню «Разбуры турмы муры».
Людзі ў Крычаве скандаваў «Свабоду, свабоду, свабоду Сяргею Ціханоўскаму».
Вольга Васільева belsat.eu