На журналіста Змітра Лупача склалі чарговы адміністратыўны пратакол

На журналіста Змітра Лупача, які супрацоўнічае з «Белсатам», склалі чарговы адміністратыўны пратакол за прафесійную дзейнасць.

Да журналіста 15 траўня прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС Уладзімір Чапулёнак і склаў на яго пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Разгляд справы Лупача мусіць адбыцца ў Шаркаўшчынскім раённым судзе 26 траўня ў 10:00.

Нагадаем, журналіста з Глыбокага Змітра Лупача затрымалі 8 траўня. Да суда, які адбыўся над ім 11 траўня, журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Судзілі Змітра паводле двух артыкулаў: парушэнне заканадаўства аб СМІ (яго пакаралі штрафам у памеры 45 базавых велічыняў – 1215 рублёў) і парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах (10 содняў адміністратыўнага арышту).

Пасля суда Змітру Лупачу стала кепска і яго шпіталізавалі. Прыняўшы да ўвагі стан здароўя журналіста, суд зрабіў адтэрміноўку адбыцця адміністратыўнага пакарання. Аднак ужо сёння Лупач мусіць самастойна прыйсці ў міліцыю для адбыцця арышту.

https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=3086468011374137&id=100000329055072

ІІ belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны