Генеральны дырэктар «Белтэлекам» Сяргей Сівадзедаў распавёў на судзе, што намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын планаваў шантажаваць яго і таму хацеў, каб у студзені 2019 года грамадзянін РФ Уладзімір Казанцаў даў Сівадзедаву хабар.
У судзе па справе Андрэя Уцюрына быў зачытаны пратакол допыту Сяргея Сівадзедава ў КДБ ад 30 красавіка 2019 года. Падчас гэтага допыту Сівадзедаў казаў чэкістам, што на яго і міністра сувязі Сяргея Папкова аказваўся «псіхалагічны ціск» з боку Уцюрына. Менавіта так Сівадзедаў расцэньваў званкі Уцюрына, падчас якіх той дэ-факта лабіяваў інтарэсы маскоўскай кампаніі «СмартЛабс».
«Нам даводзілася, што гэта ледзь не кампанія самога прэзідэнта», – казаў падчас допыту экс-кіраўнік «Белтэлекам».
Як патлумачыў Сівадзедаў, калі Сяргей Папкоў распавядаў яму пра адзін з першых званкоў Уцюрына, то паказаў на партрэт Лукашэнкі на сцяне. Гэтым жэстам Папкоў хацеў патлумачыць, з якіх колаў сыходзілі ўказанне «звярнуць увагу» на кампанію «СмартЛабс».
Уцюрын на той момант яшчэ займаў пасаду кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта. І званіў ён міністру «па тройцы» – гэта від урадавай сувязі найвышэйшага ўзроўню сакрэтнасці. Паводле Сівадзедава, не ішло гаворкі пра тое, што «СмартЛабс» гэта кампанія Лукашэнкі, але званок Уцюрына ўспрымаўся як званок «ад імя прэзідэнта».
У сваю чаргу прадстаўнік расейскай кампаніі «СмартЛабс» Уладзімір Казанцаў падчас сваіх сустрэчаў з Сівадзедавым даваў зразумець, што пры дапамозе Уцюрына яны гатовыя вырашаць любыя пытанні.
«Казанцаў бравіраваў сваім знаёмствам з Уцюрыным. Маўляў, усе пытанні разруліваюць дзякуючы Уцюрыну», – распавядаў Сівадзедаў падчас допыту ў КДБ.
Паводле следства, Уцюрын дамовіўся з Уладзімірам Казанцавым і Віталём Гарбачовым, што за лабіяванне інтарэсаў «СмартЛабс» атрымае адкат у памеры 1/3 прыбытку ад кантракту – па факце гэтая сума склала $ 183 тысячы. Таксама Уцюрын, паводле следства, у 2019 годзе падбухторваў Уладзіміра Казанцава даць хабар кіраўніку «Белтэлекама» за заключэнне кантракта на пастаўкі абсталявання расейскай кампаніяй «УГМК-Тэлекам».
Паводле Сівадзедава, хабар у памеры € 15 тысяч ён узяў таму, што разумеў – за гэтым учынкам Казанцава стаіць Уцюрын. «Казанцаў даў зразумець, што ўсё ўзгоднена з Уцюрыным», – сцвярджае Сівадзедаў.
Да гэтых падзеяў Уцюрын ужо мінімум пяць гадоў лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў і неаднаразова званіў на гэты конт кіраўніку «Белтэлекама». Уцюрын падчас паседжання 19 сакавіка спытаў: навошта яму было настойваць, каб Казанцаў даў Сівадзедаву хабар, калі раней ён нібыта і так выконваў загады Уцюрына?
«Я вам шчыра адкажу: вы хацелі мяне шантажаваць, каб я беспярэчна выконваў вашыя загады», – адзначыў ён. Сівадзедаў дадаў, што зразумеў гэта ўжо постфактум, а ў той момант «тупа не змог адмовіцца».
Сяргей Сівадзедаў быў затрыманы КДБ 22 красавіка 2019 года – на наступны дзень пасля затрымання Уцюрына. Абодва цалкам прызнаюць сваю віну.
ІІ belsat.eu