Пасля заканчэння выбарчай кампаніі і хвалі пратэстаў беларускае грамадства сутыкнулася з тым, што Лукашэнка і ягонае асяроддзе пачалі выкарыстоўваць усе дзяржаўныя інстытуты і палітычныя механізмы для сілавога ўтрымання ўлады і падаўлення насельніцтва. Фактычна ў краіне пачаўся сістэмны тэрор, які характарызуецца не толькі рэпрэсіямі ў дачыненні да апанентаў, але і разбурэннем любых грамадзянскіх інстытутаў, дыпламатычных адносін, якія не спрыяюць легітымацыі і стабільнасці існага ладу. Такія паводзіны былі характэрныя толькі для аднаго рэжыму – рэжыму бальшавікоў, што дзейнічалі паводле прынцыпаў «усё ці нічога», «утрымаць уладу любой цаной».
Час, умовы, стан дзяржавы, яе цывілізацыйнае становішча, а таксама лад думак і паводзіны кіроўнай групы дазваляе назваць цяперашні рэжым у Беларусі неабальшавіцкім. Хоць дзеянні беларускіх уладаў не маюць нічога агульнага з ідэалогіяй бальшавікоў, якая абапіралася на веру ў «барацьбу за светлую будучыню», тым не менш палітыка рэжыму Лукашэнкі, накіраваная на захаванне ўлады любой цаной, нават праз усеагульнае разбурэнне адпавядае бальшавіцкім метадам.
Тых, хто сёння знаходзіцца ва ўладзе, не хвалюе эканоміка, сацыяльныя інстытуты, стан грамадства, інтэлектуальнае развіццё, простыя грамадзяне ці міжнародная рэакцыя, а толькі ўлада ў чыстым выглядзе і яе ўтрыманне. Лукашэнка і ягонае асяроддзе наагул не цікавіць, што будзе потым.
Вядома, на працягу ўсіх 26 гадоў Лукашэнка утрымліваў уладу з дапамогай кропкавых або шырокіх рэпрэсій, але такога ўзроўню тэрору, які абрынуўся на краіну, у нашай сучаснай гісторыі яшчэ не было. Улічваючы, што тэрор не мае ніякай ідэалагічнай асновы і ажыццяўляецца ананімна – прадстаўнікамі сілавых структур без ідэнтыфікатараў, апранутымі ў чорную форму, тэрор можна смела назваць «чорным».
Палітыка чорнага тэрору ахапіла ўсе ўзроўні палітычнай і сацыяльнай сістэмы. Такі рэгрэс надыходзіць у выніку страты або адсутнасці легітымнасці і падтрымкі з боку асноўнай масы насельніцтва. Так ці інакш, дэградацыя сацыяльна-палітычных адносін ідзе імкліва, унутраных бар’ераў і стрымак ад палітычнага гвалту для ўлады ўжо няма. Ёсць толькі верныя чарнаармейцы-баевікі, надзвычайныя суды, дзе прысуды выносяцца «імем улады».
Вайна з грамадзянамі ўнутры краіны вядзе да палітычнай канфрантацыі на міжнароднай арэне. Зразумела, што тэрарыстычны рэжым не можа быць прыняты міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю. Разам з тым, тэрор ужо з’яўляецца адмаўленнем і адрыньваннем цывілізаваных прынцыпаў. Для рэжыму Лукашэнкі стаўленне з заходнімі краінамі ніколі не зʼяўлялася стратэгічна неабходным. Больш за тое, Лукашэнка заўсёды разглядаў Захад як ворага і прамую пагрозу. Ваяўнічы дыскурс мог змяншацца або павялічвацца ў залежнасці ад сітуацыі, але ніколі не знікаў з унутрыпалітычнай парадку дня. У сваю чаргу, тэрарыстычны рэжым вымушаны зачыняцца на вонкавы свет, бо уплыў апошняга разбурае сістэму. Для ўстойлівасці неабходная гістэрыя, унутранае напружанне, пастаяннае чаканне вайны і агрэсіі, дэструктыўная дзейнасць «пятай калоны», асабліва гэта важна для кансалідацыі сілавога, адміністрацыйна-рэпрэсіўнага блока.
Таму дыпламатычная вайна з Літвой і Польшчай (у перспектыве з іншымі заходнімі дзяржавамі) упісваецца ў карціну свету тэрарыстычнага рэжыму. Разам з тым, захлопванне сістэмы і дзяржавы неадкладна прывядзе да страты Беларуссю міжнароднай суб’ектнасці, а гэта ў сваю чаргу аслабіць яе суверэнітэт.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.