Пачаўся суд над блогерам Паўлам Спірыным. Ён адмовіўся ад адваката і выказаў недавер дзяржабвінаваўцу

Сёння, 25 студзеня, у Менску праходзіць суд над YouTube-блогерам Паўлам Спірыным. Наш карэспандэнт сочыць за паседжаннем.

Суд над Паўлам Спірыным. Менск, Беларусь, 25 студзеня 2021 года. Фота: Белсат

17:08 У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак. Пасяджэнне працягнецца заўтра, 26 студзеня ў 10:00.

Спірын сваю віну не прызнае і спасылаецца на закон, які дае права на крытыку. Сваю асноўную прамову Павел зачытвае з сшытка, які прынёс з сабой.

15:30 Зараз у судзе паказваюць другі фільм Паўла «Грань». Менавіта за гэтыя фільмы блогера абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні.

12:55 У адказ на пытанне, з якіх крыніцаў паступіла інфармацыя пра афіцыйную статыстыку спальвання трупаў у крэматорыі, пра лёс сына генеральнага пракурора Канюка і ці правяраў ён гэтую інфармацыю, Спірын падняў асобнік газеты «Советская Белоруссия» і сказаў, што ў выданні некаторыя артыкулы наконт БЧБ-сімволікі ўзятыя з успамінаў безыменных людзей, але да іх няма прэтэнзіяў з боку пракуратуры. Між тым наклад газеты – каля 300 тысяч.

На паседжанні ўключылі фільм «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі і карт-бланш на садызм», дзе Спірын распавядае, як у 2004 годзе генеральны пракурор Аляксандр Канюк давёў свайго сына да самагубства, але пакараны за гэта не быў.

10:50 Пракурор запярэчыў хадайніцтву, аднак суддзя задаволіла. Заяўленых сведак дапытаюць пасля таго, як высветляць, у якім менавіта СІЗА іх утрымливаюць. Але пісьмовыя паказанні былога настаўніка Паўла Аўчарова аб дзеяннях амапаўцаў далучыць да справы суддзя адмовілася.

10:35 Павел папрасіў дапытаць сведак пра дзеянні АМАП: Васіля Бірмача, Віталя Шышлава і Паўла Аўчарова, які бачыў, як амапавец пырнуў нажом чалавека, які не супраціўляўся. Сведкі застаюцца ў СІЗА, акрамя Бірмача.

Суд над Паўлам Спірыным. Менск, Беларусь, 25 студзеня 2021 году. Фота: Белсат

Людзі шчыльна сядзяць у судовай зале. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек, якім не хапіла месца ў зале, чакаюць на калідоры.

Суд над Паўлам Спірыным. Менск, Беларусь, 25 студзеня 2021 году. Фота: Белсат

На пачатку судовага паседжання Павел сказаў, што адмаўляецца ад адваката, бо лічыць, што ні адзін адвакат у гэтым працэсе не можа яму дапамагчы. Таксама ён сказаў, што не давярае дзяржабвінаваўцу, бо ў пракурорскага прадстаўніка недастаткова кваліфікацыі.

Суд над Паўлам Спірыным. Менск, Беларусь, 25 студзеня 2021 году. Фота: Белсат

Паўла затрымалі 4 верасня ў межах справы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці»).

Справа звязаная з фільмам Спірына «Грань» аб наркагандлі ў Беларусі, які быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядзе справу цэнтральны апарат Следчага камітэту.

Павел Спірын: «Калі Лукашэнка загадае страляць – у адказ людзі будуць страляць па жыхарах Драздоў»

У 2020 годзе блогер Павел Спірын збіраўся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, аднак Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за ягонае вылучэнне. Пасля Павел быў даверанай асобай кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны