Падрабязнасці справы экс-уласніка «Мотавела»: Мураўёў адначасна быў у Менску і ў Абу-Дабі?

Былы міліцыянт з Горадні падчас вывучэння справы вядомага бізнесоўца Аляксандра Мураўёва выявіў шэраг несупадзенняў паміж інфармацыяй з судовага выраку і рэальнасцю. Паводле суда, Мураўёў усе загады і распараджэнні даваў асабіста, перабываючы ў Менску. Але ці быў ён там насамрэч?

Фота: Дар’я Буракіна, TUT.by

У 2016 годзе працэс над буйным бізнесоўцам і экс-уладальнікам Менскага мотавелазаводу стаўся гучнай падзеяй. Аляксандру Мураўёву, галоўнаму абвінавачанаму па справе, інкрымінавалі махлярства (ч.4 арт. 209), раскраданне (ч.4 арт. 210), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243). Паводле прысуду Мураўёў атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі ды канфіскацыю маёмасці, у тым ліку – акцыяў «Мотавела».

11 гадоў для ўладальніка «Мотавела». За што асудзілі Аляксандра Мураўёва?

Казімір Мароз, экс-дырэктар «Мотавела», быў прызнаны вінаватым у нядбайнасці (арт. 428 КК) ды раскраданні (ч.4 арт.210 КК). Яго, аднак, суд фактычна пакінуў на свабодзе, даўшы 5 гадоў «хатняй хіміі» ды канфіскацыю маёмасці. Яшчэ адну фігурантку справы, намесніцу гендырэктара Алену Нікалайчанка, следству знайсці не ўдалося: яна дасюль знаходзіцца ў бягах.

У 2015-ым, пасля арышту Мураўёва, завод вярнулі пад кіраўніцтва дзяржавы. Паказнікі прыбытковасці заводу хутка спаўзлі ўніз: ужо ў першай палове 2016-га страты склалі амаль 40 мільёнаў долараў.

Сваёй віны ані падчас следства, ані на судзе Мураўёў не прызнаў. Паводле яго, усё, што ён рабіў, было скіравана на развіццё заводу.

Нацыяналізацыя «Мотавела»: рэйдарскі захоп ці аднаўленне справядлівасці?

Мураўёва ў Менску не было?

Міхаіл Куцко, былы міліцыянт з Горадні, пра якога «Белсат» ужо пісаў, пазнаёміўся з Аляксандрам Мураўёвым у папраўчай калоніі №3 («Віцьба»). Там Куцко вывучыў судовы вырак Мураўёва, у якім знайшоў нестыкоўкі. Паводле былога міліцыянта, далёка не ўсе высновы следства можна лічыць карэктнымі, а значыць і справядлівасць выраку можна паставіць пад сумнеў.

«Цікавы момант я знайшоў падчас вывучэння пятага эпізоду, які інкрымінуецца Мураўёву, – распавядае Міхаіл Куцко. – Размова пра пасобніцтва ва ўхіленні ад аплаты падаткаў. Згодна з выракам, Аляксандр Мураўёў 2 красавіка 2013 года прадставіў Сяргею Мураўёву (брату) рэквізіты, найменні, пячаткі, а таксама доступ да разліковых рахункаў «ATEC Trading GmbH». Навошта? Каб, нібыта, ухіляцца ад падаткаў. Тут жа пазначана, што ўсё гэта ён рабіў у Менску».

Чаму менавіта гэты момант выклікаў зацікаўленасць? У выраку няма аніякіх доказаў факту прывязкі да мясцовасці, то бок да Менску. Звычайна, даюцца як мінімум соты мабільнага тэлефону, у ідэале – фота і відэасведчанні, калі за чалавекам вялося назіранне. Тут – нічога. Сам Аляксандр Мураўёў жыў у Аўстрыі, часта бываў у Расеі ды Арабскіх Эміратах. У Беларусі ж бываў толькі зрэдку.

Міхаіл Куцко распавядае, што быў зроблены запыт у Дзяржаўны памежны камітэт. У ДПК адказалі: Мураўёў 30 сакавіка 2013 года вылецеў з Беларусі ў Абу-Дабі ды вярнуўся ў Беларусь ажно 4 красавіка 2013-га. То бок, знаходзіцца ў Менску 2 красавіка і камусьці нешта перадаваць ён дакладна не мог!

30 сакавіка Мураўёў вылецеў з Менску і вярнуўся толькі 4 красавіка. Інфармацыя з запыту ў ДПК

Паводле экс-міліцыянта, час, месца і спосаб здзяйснення злачынства мусяць быць абавязкова пазначаныя ў крамінальнай справе. Тут жа месцам пазначаны Менск, дзе Мураўёва не было. Агаворак, што Мураўёў некаму нешта перадаваў праз трэціх асобаў, у выраку няма.

Матэрыялы судовага выраку

«Пытанне да прафесіяналізму адвакатаў»

– Чаму ж на гэта не звярнулі ўвагі адвакаты?

– Гэта пытанне да іх прафесіяналізму, – мяркуе Куцко. – Магчыма, абёём справы – 119 тамоў – апынуўся да іх занадта вялікім. Магчыма, яшчэ што паўплывала. Але на падобныя рэчы кожны юрыст мае звяртаць увагу.

– Чаму ўвагу не звярнуў сам Мураўёў?

– Мураўёў лічыў, што абвінавачванне наагул неабаснаванае, – працягвае Куцко. – А паглынацца ў дэталі яму, як не юрысту, а чалавеку з эканамічным складам розуму, зусім не варта. Ягоная пазіцыя была простай: няма доказаў і ўсё. Ён не быў абавязаны даводзіць сваю невінаватасць. А вось віны сваёй ён не прызнаў ні ў чым: ні па адным з эпізодаў.

Матэрыялы судовага выраку

Ізноў даты, ізноў Мураўёў не ў Менску

Чацвёрты эпізод справы Аляксандра Мураўёва датычны «раскрадання грашовых сродкаў» з «Мотавела». Экс-кіраўнік прадпрыемства нібыта арганізаваў раскраданне, выкарыстоўваючы сваіх супрацоўнікаў: гендырэктара Казіміра Мароза ды ягоную намесніцу Алену Нікалайчанка.

Паводле выраку, Мураўёў у перыяд з 1 па 7 траўня 2014 года даў указанні заключыць заведама фіктыўную дамову. Згодна з ёю, «Мотавела» мелася пералічыць грошы на разліковы рахунак індывідуальнай прадпрымальніцы Алены Нікалайчанка нібыта ў кошт аказання паслугаў, якія нібыта і не аказваліся. Усё гэта, як і ў мінулым выпадку, адбывалася, калі Мураўёў знаходзіўся ў Менску – так пазначана ў судовым выраку.

Інфармацыя з матэрыялаў судовага выраку

«Тут зноўку важныя часовыя рамкі, – тлумачыць Куцко. – Бо згодна адказу з ДПК, Мураўёў 23 красавіка 2014-га вылецеў з Менску і вярнуўся толькі 6 траўня 2014-га. Усё як і ў мінулы раз! Дамова была пакладзеная на подпіс 1 траўня, калі Мураўёва дакладна не было ў Беларусі, а зарэгістраваная 7 траўня».

23 красавіка Мураўёў вылецеў з Менску і вярнуўся назад толькі 6 траўня. Інфармацыя з запыту ў ДПК

У судовым выраку пазначана, што Алена Нікалайчанка адкрыла ІП 24 красавіка 2014-га, то бок праз дзень пасля вылету Мураўёва. Такім чынам, як Мураўёў мог даць Нікалайчанка нейкія даручэнні, знаходзячыся ў Менску, калі ў апошні свой дзень у сталіцы – то бок 23-га – тая яшчэ не была прыватным прадпрымальнікам?

ІП Нікалайчанка зарэгістравала, калі Мураўёва не было ў Менску

«Цукерка атрымалася… з лайном»

Чаму паўсюдна ўказваецца асабістая прысутнасць Мураўёва ў Менску? Здаецца, без гэтага моманту і падкапацца было б цяжка…

«З-за адсутнасці рэальнай доказнай базы, – упэўнены Куцко. – Але цукерку трэба было зляпіць. То бок, указаць час, месца і спосаб здзяйснення злачынства. Паказаць, што тут не голая справа без канкрэтыкі, а нешта сур’ёзнае. На стол пакласці каму трэба. А цукерка, як бачым, з лайном атрымалася…»

Дамова пададзеная на подпіс, калі Мураўёва ў Менску не было

Варта нагадаць, што сама Алена Нікалайчанка зараз знаходзіцца ў росшуку. Яе не паспелі нават дапытаць. Такім чынам, пацвердзіць тое, што Мураўёў даваў ёй указанні, немагчыма. Тэлефонных ці якіх-кольвек яшчэ доказаў таксама няма. Адкуль жа ўзялася інфармацыя пра «указанні Мураўёва»? Са словаў экс-дырэктара Мароза, які атрымаў пакаранне ніжэй ніжняй планкі ды выйшаў на свабоду…

«Вось некалькі момантаў, згодна якім вырак не адпавядае фактычным абставінам, – рэзюмуе Міхаіл Куцко. – Правільна ці няправільна вёў бізнес Мураўёў – гэта субʼектыўнае пытанне. Размова ж пра канкрэтнае злачынства, якое трэба давесці. Я ж бачу парушэнні нормаў закону і паведамляю пра іх. Інфармацыя пра факты парушэння закону не можа быць абмежаваная ў распаўсюдзе. Вось і ўсё!»

АК, матэрыялы справы Мураўёва і адказу ДПК прадстаўленыя Міхаілам Куцко

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны