Пратэстоўцы супраць павышэння коштаў на бензін плануюць збірацца кожную суботу

У Магілёве грамадзяне, нязгодныя з павышэннем цэн на аўтамабільнае паліва, збіраюцца пратэставаць штосуботы, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

Пра гэта belsat.eu распавёў адзін з актывістаў Уладзімір Крыт.

Першая такая акцыя адбылася ўчора ля гандлёвага цэнтру «Е-сіці» ў Магілёве.

«Нас сабралася прыкладна чалавек дваццаць. Гэта звычайныя аўтааматары, якія маюць свае машыны. Шмат у каго ёсць сем’і, дзеці, і яны не могуць сабе дазволіць плаціць больш за паліва. Спачатку на нас не звярталі ўвагі, але потым мы заўважылі, што побач стаяць тры аўтамабілі і з іх вядзецца здымка», – распавёў магілёвец.

Верагодна, здымала пратэстоўцаў міліцыя. Заяву на правядзенне акцыі яны ў гарадскі выканкам не падавалі і пакуль не будуць.

У Магілёве затрымалі журналістаў, якія меліся асвятляць пратэст кіроўцаў супраць росту коштаў на бензін

«Мы не збіраемся рабіць нічога супрацьзаконнага, перакрываць дарогі, напрыклад. Мы проста будзем паказваць астатнім людзям, што мы ёсць і мы супраць. На знак падтрымкі кожны можа прывязаць сабе да машыны чырвоную стужачку», – дадаў Уладзімір.

Паводле яго, акцыі ў іншых гарадах пакуль не чакаюцца. Удзельнікі суботняга пратэсту папярэдне дамовіліся сабрацца на тым жа месцы праз тыдзень і надалей ладзіць акцыі кожную суботу.

Апошнія некалькі гадоў цэны на бензін пастаянна павышаюцца. Апошні раз паліва падаражэла 2 лютага – яшчэ на 1 капейку. Гэта ўжо пятае павышэнне з пачатку года.

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны