Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Вялікдзень ці Уваскрашэнне Хрыстова, самае вялікае свята хрысціянаў, якое азначае перамогу жыцця над смерцю.
Вялікдзень хрысціяне называюць таксама святам Уваскрашэння Хрыста. У гэты дзень, пасля распяцця на крыжы за грахі ўсяго чалавецтва, Ісус Хрыстос уваскрэс з мёртвых, як сведчыць галоўнае хрысціянскае пісанне – Біблія.
Ва ўсіх праваслаўных бажніцах адбываюцца святочныя набажэнствы. Уначы прайшлі ўрачыстыя службы і хросны ход. Напярэдадні вернікі прыносілі ў цэрквы ежу, якую асвячаюць.
Велікодныя службы прайшлі сёння і ва ўсіх цэрквах Віцебску. Свята-Дабравешчанская царква – найстарэйшая ў горадзе. Ранкам на Вялікдзень каля яе не было вялікай колькасці вернікаў, людзі падыходзілі па адным і семʼямі, асвячалі ежу, некаторыя заходзілі ў царкву, але доўга не затрымліваліся. Шмат хто з вернікаў быў у масках.
Сёлета праз каронавірус царква і медыкі заклікалі вернікаў устрымацца ад наведвання набажэнстваў і прапаноўваюць глядзець службу па тэлебачанні, або онлайн. Але пры гэтым дзверы цэркваў для вернікаў адчыненыя.
Прадстаўнікі царквы заклікалі прыхаджанаў вытрымліваць дыстанцыю паміж сабою, апранаць маскі і пальчаткі, карыстацца антысептыкам.
Напярэдадні Вялікадня мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел звярнуўся з пасланнем да ўсіх вернікаў Беларускай праваслаўнай царквы.
«Будзем імкнуцца жыць так, каб быць для нашых блізкіх прыкладам вытрымкі і разважнасці, слупамі веры ў Бога і вернасці Святой Царквы Хрыстовай, выяўляючы да навакольных нас людзям паблажлівасць, спагадлівасць і братнюю любоў», – адзначыў у пасланні мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел.
СК belsat.eu