Расейскі эканаміст: Расея можа інтэграваць Беларусь паводле крымскага сцэнара

Ніякай паглыбленай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй пакуль не прадбачыцца. Пра гэта заявіў расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка ў інтэрв’ю радыё «Эхо Москвы».

На думку эканаміста, кіраўнік Беларусі «выставіў дастаткова зразумелыя ўмовы» і «пазіцыя Лукашэнкі абсалютна справядлівая для той канцэпцыі інтэграцыі, якую прапануе РФ».

«Калі мы гаворым аб паглыбленай інтэграцыі, то эканамічныя ўмовы вядзення бізнесу для беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў павінны быць аднолькавымі. Гэта значыць цана на газ для беларускіх прадпрыемстваў павінна быць такая, як для смаленскіх, за выключэннем невялікай розніцы ў транспартным плячы. І тое ж самае з нафтай. Ім кажуць: калі інтэгравацца, давайце па-сапраўднаму інтэгравацца. На што РФ сказала, што не, мы так не хочам», – заявіў Аляксашанка.

Лукашэнка загадаў нафтавікам пачаць шукаць пастаўшчыкоў нафты па-за Расеяй

Таму, мяркуе ён, хутчэй за ўсё перамовы пра паглыбленне інтэграцыі працягнуцца, хоць для гэтага існуе «непераадольная ўмова». На яго думку, інтэграцыя можа адбыцца на кампрамісных умовах, «па ўзаемнай згодзе».

Разам з тым эканаміст адзначыў, што інтэграцыя Беларусі можа прайсці і паводле крымскага сцэнара.

«Чаму не? Трактарысты са Смаленска, з Бранскай вобласці заедуць туды, у мясцовым Ваенгандлі нешта закупяць – і інтэгруюць Беларусь па крымскім сцэнары. Ніякай згоды ні ад прэзідэнта Беларусі, ні ад парламента Беларусі… Не. Ад парламенту Беларусі спатрэбіцца, бо там устануць аўтаматчыкі, як у Крыме, снайперы, і пад дуламі аўтамата чальцы парламента прагаласуюць, як трэба, абвесцяць рэферэндум, які таксама палічаць правільна», – заявіў Аляксашанка.

Беларусь і Расея не могуць дамовіцца пра нафту, газ і падаткі

Калі ж расейскія ўлады паўтараць крымскі сцэнар не хочуць, яны павінны дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам, падкрэсліў эканаміст.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны