Серж Харытонаў пра палітыку адміністрацыі Джоў Байдэна ў дачыненні Беларусі

Пра тры пункты праграмы ЗША, якая магла б прывесці да больш хуткіх пераменаў у Беларусі інтэрв’ю з Сержам Харытонавым (Нью-Ёрк), медыйным экспертам міжнароднай сеткі стратэгічных дзеянняў у справах бяспекі iSANS. 20 студзеня ў Вашынгтоне адбудзецца інаўгурацыя новага прэзідэнта Джо Байдэна, а разам з ёй наступіць новая эпоха ў міжнародных дачыненнях. Як можна ацаніць беларуска-амерыканскія дачыненні эпохі Доналда Трампа? Што прынясе Беларусі новая адміністрацыя ЗША? Як утрымаць хвалю цікаўнасці да нашай дзяржаы, калі ў свеце і так багата іншых праблемаў?

Ці сапраўды Джо Байдэн будзе для Беларусі добрым прэзідэнтам, а ягоная адміністрацыя будзе памятаць пра Беларусь і дапамагаць усім беларусам, якія змагаюцца супраць дыктатуры?

Ясна, што Байдэн будзе добрым прэзідэнтам, найперш, для амерыканцаў, але нельга сказаць, што і дзейная адміністрацыя не надта актыўна брала ўдзел у беларускай справе і ў справе падтрымання дэмакратычных трансфармацыяў у Беларусі. За час кіраўніцтва Доналда Трампа быў прыняты важны дакумент – «Акт аб дэмакратыі». Фактычна ў межах гэтага дакументу і будзе працаваць новая адміністрацыя. Байдэн досыць добра разбіраецца ва ўсходнееўрапейскіх пытаннях. Беларусь не будзе для яго краінаю, пра якую ён ніколі не чуў, таму цяпер, зыходзячы з таго, што кажа атачэнне Байдэна, можна сказаць, што пазіцыя аб Беларусі будзе яшчэ больш прынцыповая і жорсткая. Можна чакаць новых дзеянняў з боку Злучаных Штатаў у межах «Акту аб дэмакратыі».

Таксама амерыканская адміністрацыя ды яе прадстаўнік у АБСЕ занялі актыўную пазіцыю ў дачыненні Беларусі. Выкраданні пратэстоўцаў, напрыклад, былі названыя актам тэрарызму. Гэта значыць, што падобныя дзеянні могуць быць суб’ектам для міжнароднага пераследу. Я думаю, што амерыканская пазіцыя ў дачыненні Беларусі будзе ўсё больш актыўнаю, таму можна досыць аптымістычна глядзець на новую адміністрацыю. Мне падаецца, яна будзе эфектыўнай адносна мірнага працэсу трансфармацыі, палітычнага транзіту ў Беларусі, калі яны будуць выконваць асноўныя тры пункты праграмы, што магла б прывесці да больш хуткіх пераменаў. Гэта найперш пераслед прадстаўнікоў адміністрацыі, сілавога блоку.

Па-другое, гэта перакрыццё фінансавых каналаў для дыктатуры за мяжою, найперш у Расеі. Гэта можа азначаць і пашырэнне санкцыяў не толькі ў дачыненні беларускіх арганізацыяў і бізнесоўцаў, набліжаных да Лукашэнкі, але таксама да гэтак званых партнёраў Лукашэнкі на тэрыторыі Еўразвязу ды найперш у Расеі. Па-трэцяе, гэта будзе падтрыманне грамадзянскай супольнасці і трансфармацыяў праз гэтак званы план Маршала, што павінен стаць такім трансатлантычным адзіным планам Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Звязу.

Дзярждэпартамэнт ЗША вітаў пазбаўленне Менска права правядзення ЧС па хакеі

Цікавяць канкрэтныя крокі. Завісла пытанне амбасадаркі ў Беларусі. Джулі Фішэр была прызначаная амбасадаркай, але пакуль у Беларусь не прыехала. Ёсць нейкая інфармацыя, што будзе далей у гэтай справе?

Пакуль апдэйту канкрэтна ў гэтым пытанні няма. Гэта звязана найперш з падзеямі ў Капітоліі некалькі дзён таму. Я думаю, што ўжо найбліжэйшым часам будзе нейкая яснасць у гэтым пытанні, але пакуль што ніякіх навінаў датычна дыпламатычных адносінаў няма. Тут таксама трэба разумець, што ў гэты час тая адміністрацыя, якая называе сябе Міністэрствам замежных справаў у Беларусі, у поўным сэнсе не ёсць легітымным і легальным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь, бо яна рэпрэзентуе як чалавека, так і ўрад, якія не былі абраныя ні легальным, ні легітымным спосабам. Гэта азначае, што для амерыканскай і еўрапейскіх адміністрацыяў, для міністэрстваў замежных справаў гэтых краінаў неабходна пераходзіць да новага фармату камунікацыі з Беларуссю. Гэты фармат павінен мець наўпроставыя кантакты са Святланаю Ціханоўскаю, з ейнымі прадстаўнікамі ў міжнародных справах, найперш з Валерам Кавалеўскім.

Цяпер ёсць гэтыя кантакты на афіцыйным узроўні? Мы таксама чакаем, што ў лютым Святлана Ціханоўская накіруецца з візітам у Вашынгтон.

Так, гэты кантакт ёсць. Але я скажу больш пра фармальнае разуменне сітуацыі, пра фармальныя інстытуты, праз якія можа адбывацца камунікацыя паміж Рэспублікаю Беларусь як дзяржавай і Злучанымі Штатамі Амерыкі як дзяржаваю. Калі амерыканскія дыпламаты перадаюць нейкія дакументы адміністрацыі ці Міністэрству замежных справаў Лукашэнкі, то зразумела, што, з аднаго боку, гэта рэальпалітык, гэта погляд на тое, што ёсць фактычная адміністрацыя. Але з пункту гледжання законнасці і легітымнасці беларускае МЗС больш не выконвае функцыяў прадстаўніцтва беларускага народу, яно выконвае функцыю прадстаўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

Вельмі важна абрубіць фінансавыя плыні рэжыму Лукашэнкі, асабліва з Расеі. Ці сапраўды тут можна ўжыць такі падыход, які калісьці амерыканская адміністрацыя ўжывала да Ірану? Бізнес мае выбіраць: рабіць бізнес з Лукашэнкам ці з рэштаю свету.

Так, я думаю, той фармат, які прапаноўваў у свой час Дык Чэйні ў дачыненні Ірану, будзе досыць практычным і да беларускай дыктатуры. У Іране не было такога нацыянальнага руху ў той час, калі прапаноўвалася гэтая праграма. Таму, я думаю, Беларусі пасуе менавіта такі падыход, калі бізнесу і замежным дзяржавам трэба выбраць, будуць яны мець справу з беларускаю дыктатураю ці з усім астатнім светам. Перш за ўсё, гэта, вядома, датычыць міжнародных банкаў, якія могуць праводзіць і абслугоўваць фінансавыя аперацыі беларускага рэжыму, бізнесоўцаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, але таксама гэта можа датычыць і ў роўнай ступені любога банку любой краіны. Для Злучаных Штатаў гісторыя з Беларуссю можа стаць гісторыяй поспеху, менавіта праз тое, што не было лепшага часу, каб пазбавіць Еўропу ад Лукашэнкі, зрабіць гэта мірным шляхам. Менавіта цяпер такая магчымасць ёсць і тая практыка – выбіраць рабіць бізнес з рэжымам Лукашэнкі ці з усім астатнім светам – мне падаецца досыць практычнай. Яна можа прывесці да паспяховых вынікаў.

Палата прадстаўнікоў ЗША другі раз абвясціла імпічмент Трампу

Тым не менш беларуская праблема, безумоўна, важная для нас як для беларусаў, але мы выдатна разумеем, што маштаб праблемаў, з якімі сутыкаецца ўвесь свет, нашмат большы. Як нам застацца ў гэтай арбіце такіх сапраўды найважнейшых інтарэсаў Злучаных Штатаў, каб не страціць гэтага піку, гэтай хвалі, а з ім і цікавасці? Што мы можам зрабіць?

Трэба сказаць, што пратэсты, які адбываюцца ўжо пяты месяц, сталі вядомымі ў Амерыцы не толькі сярод палітычнага істэблішменту, але і сярод звычайных людзей. Гэтага, напэўна, не было за ўвесь час існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы. Менавіта таму, што беларускае пытанне і праблемы былі досыць лакальнымі ды не выходзілі далёка за межы Усходняй ці Цэнтральнай Еўропы. Нават у Вялікай Брытаніі не заўсёды людзі ведалі, што такое Беларусь. Цяпер гэтага ўжо няма. Беларусь доўгі час заставалася на першых старонках амерыканскіх газетаў, часопісаў, і нават цяпер выходзяць публікацыі на беларускую тэму ў найбольш прадстаўнічых медыях. Таму, я думаю, галоўнае – захоўваць сувязь з палітычным істэблішментам, з медыямі, пакідаць беларускую тэму ў амерыканскай медыйнай прасторы. Думаю, гэта ўсё будзе і гэта будзе досыць натуральна менавіта праз тое, што пратэсты не спыняюцца, яны змянілі форму, але дынаміка захоўваецца. Незадаволенасць людзей нікуды не падзелася. Ясна, што адзінаю формулаю, каб транзіт адбываўся ў мірным кірунку і хутка, будзе сыход Лукашэнкі, яго няўдзел у новых выбарах. Новыя выбары – гэта працэс, неабходны, каб усталяваць законнасць у Беларусі, каб прадстаўніцтва было сапраўды і легітымным, і легальным. Таму менавіта гэты мэсідж павінен захоўвацца ў амерыканскіх медыях, каб беларуская тэма не сыходзіла. Безумоўна, той гераізм, стойкасць, якую паказваюць пратэстоўцы, ёсць добрым прыкладам у Амерыцы. Беларуская тэма абмяркоўваецца і ў кантэксце тых падзеяў, што адбыліся ў Капітоліі. То бок Беларусь нікуды не сыходзіць з медыйнай прасторы. Трэба проста захоўваць гэтую тэму калі не на першых старонках, то недзе ў сферы, можа, набліжанай да інтарэсаў амерыканцаў у кантэксце, які цяпер ім вельмі добра зразумелы.

Інтэрв’ю з праграмы «Прасвет» 14 студзеня 2021 г.

Фота: Biden Transition Tv Via Cnp

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны