МУС Беларусі паведаміў пра затрыманне менчука, які плюнуў у твар карэспандэнту «Беларусь 1» Аляксандру Хараўцу падчас чарговага маршу ў Менску 25 кастрычніка.
Ужо традыцыйна МУС апублікаваў прызнанні затрыманага на камеру: міліцыянты прымусілі яго выбачацца перад працаўніком БТ. На кадрах бачна, што мужчыну білі пры затрыманні – ў яго вялікая драпіна на лбе.
«Сышчыкі высветлілі асобу мужчыны: пры затрыманні 34-гадовы жыхар сталіцы аказаў актыўны супраціў. У наступным ён прызнаў, што здзейсніў глупства, і папрасіў прабачэння».
Паводле МУС, на менчука склалі адміністратыўныя пратаколы паводле артыкулаў «дробнае хуліганства», «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыянтаў» і «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
У МУС сцвярджаюць, што раней мужчына неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за гвалт у дачыненні да міліцыянта, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў і рабаванне.
Нагадаем, карэспандэнт «Беларусь 1» Аляксандр Харавец традыцыйна працуе на акцыях пратэсту. Ён рыхтуе прапагандысцкія сюжэты, дзе выстаўляе пратэстоўцаў агрэсіўным натоўпам, які па загаду «замежных куратараў» нібыта нападае на сілавікоў.
ІІ belsat.eu