Святлана Ціханоўская заявіла, што дырэктар Службы вонкавай выведкі РФ Сяргей Нарышкін «транслюе нясвежыя прапагандысцкія штампы».
Нагадаем, 16 верасня Сяргей Нарышкін заявіў, што ЗША выконвалі ключавую ролю ў падрыхтоўцы пратэстаў у Беларусі і ўзялі пад «шчыльную апеку» Святлану Ціханоўскую. «Пратэстныя акцыі з самага пачатку носяць добра арганізаваны характар і каардынуюцца з-за мяжы», – адзначыў ён. Дырэктар Службы вонкавай выведкі кажа, што «фактычна гаворка ідзе пра дрэнна завуаляваную спробу арганізаваць чарговую каляровую рэвалюцыю і антыканстытуцыйны пераварот, мэты і задачы якіх не маюць нічога агульнага з інтарэсамі беларускіх грамадзянаў».
Тэлеграм-канал «Пул Первой» распаўсюдзіў адказ Святланы Ціханоўскай на заяву Сяргея Нарышкіна:
«Прычына пратэстаў у Беларусі адна і ўсім вядомая: Лукашэнка прайграў выбары, але не жадае сыходзіць. Народ, які адмовіў былому прэзідэнту ў даверы і падтрымцы, патрабуе яго сыходу.
Гэта ўнутраны палітычны крызіс, у патрабаваннях пратэстоўцаў няма нічога, што тычылася б стасункаў з іншымі краінамі або змены вонкавапалітычнай арыентацыі Беларусі. Гэта варта было б зразумець кіраўніку СВВ Расеі спадару Нарышкіну замест таго, каб трансляваць нясвежыя прапагандысцкія штампы».
ІІ belsat.eu