Пілігрымка ў цені рэпрэсіяў і пандэміі. Побач – аўтазак

Фота: «Белсат»
Пільгрымка 2020. Фота: «Белсат»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў: «Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?» – у Будславе, нягледзячы на пандэмію, прайшоў чарговы марыйны фэст.

У Будславе, мястэчку, што ў Мядзельскім раёне Менскай вобласці, першага і другога ліпеня адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай. Апошнія трыццаць год гэтае свята шырока адзначаецца ў Беларусі. У Будслаў прыязджаюць і прыходзяць у гэтыя дні вернікі з усёй Беларусі. Для многіх гэта доўгачаканы час на здзяйсненне пілігрымкі – каб прайсці да Будслаўскага касцёлу пешшу ад некалькіх кіламетраў да некалькіх соцень кіламетраў. Такія вандроўкі могуць заняць некалькі дзён.

У Будслаў прыязджаюць і прыходзяць у гэтыя дні вернікі з усёй Беларусі. Фота: «Белсат»

Трэба сказаць, што будслаўскі фэст адбываецца ўжо цягам некалькіх стагоддзяў, ён шырока адзначаўся за часамі ІІ Рэчы Паспалітай. Адбываўся ён за часамі ваяўнічага атэізму, толькі не так шырока. А ягонае адраджэнне прыйшлося на пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У 2018 годзе гэты фэст увайшоў у Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў чалавецтва ЮНЕСКО.

Сёлета Касцёл не заклікаў да масавых пілігрымак. Фота: «Белсат»

Сёлета праз пандэмію Касцёл вырашыў не праводзіць калектыўных пілігрымак, але не забараніў індывідуальныя. Таму некаторыя вернікі гэтым скарысталіся.

Сёлета Генадзь Бервячонак, жыхар Глыбокага, ішоў з Росіцы да Будслава восем дзён пешшу, гэта больш за 230 кіламетраў. Чаму з Росіцы? Бо ў 1943 годзе нацысты спалілі тут жывымі больш за паўтары тысячы жыхароў, а разам з імі двух каталіцкіх святароў, Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру. Ксяндзоў карнікі хацелі адпусціць, але яны засталіся разам са сваімі вернікамі. Папа Ян Павел ІІ прылічыў іх да ліку блаславёных.

Ля Касцёлу ў Будславе. Фота: «Белсат»

Генадзь і раней здзяйсняў такія вандроўкі з сябрамі, а зараз вырашыў адужаць шлях адзін. Кажа, што дні былі напоўненыя малітвамі за Беларусь.

«Я ішоў з адной галоўнай інтэнцыяй – навучыцца давяраць Богу», – кажа спадар Генадзь.

Пробашч Чырвонага касцёлу ксёндз Уладзіслаў Завальнюк да Будслава даехаўна монаколе. Фота: «Белсат»

А пробашч Чырвонага касцёлу у Менску 70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк да Будслава даехаўна монаколе. Ягоны шлях склаў каля 130 кіламетраў і заняў тры дні. На гэтым шляху былі розныя цяжкасці: вецер, сонца, дождж, але ўражанне ад такой незвычайнай вандроўкі – вельмі станоўчае. Ён плануе ў наступным годзе заахвоціць некалькі дзясяткаў маладзёнаў і разам адправіцца на монаколах у Будслаў.

«Гэта ставіцца ў ахвяру на хвалу Багародзіцы, малітва за наш край, за будучыню, каб людзі думалі не толькі пра штодзённы хлеб, але як кажа Хрыстос: «Не адзіным хлебам жыве чалавек». Трэба, каб нас натхняла вера, якую мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў», – адзначыў святар.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: «Белсат»

Галоўную Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваім слове да вернікаў ён сказаў:

«Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насцеж адчыніць дзверы нашых сэрцаў Езусу, каб Ён быў у нас і ў нашым народзе, які выбірае сваю будучыню.Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі. Бог кліча нас да гэтай місіі, і мы павінны яе выканаць. Бо, калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?»

Фэст у спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў чалавецтва ЮНЕСКО. Фота: «Белсат»

Да цэлебрацыі Эўхарыстыі далучыліся іншыя беларускія іерархі і святары.

Ля Будслаўскага касцёлу пасля пілігрымкі. Фота: «Белсат»

У мінулыя гады на свяце збіралася да некалькі дзясяткаў тысяч. Сёлета праз небяспечную сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з пандэміяй прынялі ўдзел у святкаваннях больш за тысячу вернікаў.

Будслаўскі касцёл. Фота: «Белсат»

І хоць пандэмія перашкодзіла годна адзначыць гэта свята, надвор’е ў гэтым годзе паспрыяла святу. Будслаўскі фэст рэдка абыходзіцца без дажджоў, а ў гэтым годзе яго амаль не было.

Вера вераю, а аўтазак не зашкодзіць… Фота: «Белсат»

Беларускія ўлады засталіся верныя сваім традыцыям апошніх гадоў: і ў Будславе не абышлося без аўтазакаў, некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі, пры тым, што каталіцкае свята заўсёды праходзіла ў святочнай добразычлівай атмасферы.

У Беларусі бог жыве! Фота: «Белсат»

Завяршыліся ўрачыстасці працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, фігурай нябеснага патрона Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла і абразом святой Барбары, якім біскупы на заканчэнне благаславілі з Нацыянальнага санктуарыя ўсю Беларусь.

Зміцер Лупач Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны