«Там мае быць «жэстачайшая» дысцыпліна». Лукашэнка ўхваліў кандыдатуру новага кіраўніка гарадзенскага «Азоту»

Сёння Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў кандыдатуру новага кіраўніка прадпрыемства «Горадня Азот». Кіраваць кампаніяй, якая летась адзначылася страйкамі, будзе былы віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, паведамляе БелТА.

«Гэта вельмі важнае прадпрыемства, стратэгічнае. Мы шмат казалі, што ніякіх хістанняў там быць не можа, бо не дай бог што здарыцца – зараза накрые ўсю Горадню. Таму там мае быць «жэстачайшая» дысцыпліна. Не толькі тэхналагічная, але і ў арганізацыйным плане. Вазьміцеся за гэта», – запатрабаваў Лукашэнка.

Ляшэнка некалькі гадоў узначальваў «Белнафтахім». У жніўні 2018-га ён стаў віцэ-прэмʼерам ва ўрадзе Сяргея Румаса. З траўня 2020-га кіраваў прадстаўніцтвам «Гомельтранснафта Дружба» ў Менску.

Раней «Горадня Азот» узначальваў Ігар Бобыр. У час яго кіравання рабочыя заводу далучыліся да агульнанацыянальнага страйку. Летась, 26 кастрычніка, каля 150 работнікаў сабралася ля КПП, аднак больш за 50 з іх затрымалі. Пасля страйкоўцаў пачалі звальняць і замяняць людзьмі з «Нафтану» ды іншых прадпрыемстваў. Цяпер 13 звольненых рабочых судзяцца з заводам.

ЯП, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны