Калі слухаеш і чытаеш інтэрв’ю Юрыя Васкрасенскага, ўзнікае адчуванне, што ў яго цела перасадзілі Наталлю Эйсмант. Тым не менш яго «актыўнасць, якая павелічылася» мае шэраг канкрэтных мэтаў. Першая – гэта стварыць інфармацыйны шум, шмат шуму і зрабіць спробу перанакіраваць увагу грамадства з адных праблем і працэсаў на іншыя.
Сёння, да прыкладу, усе беларускія таблоіды, электронныя выданні перадрукоўваюць яго інтэрв’ю, журналісты і аналітыкі абмяркоўваюць, аналізуюць яго словы і выказванні аб «моцным прэзідэнце, з магутнай аўрай, гатовага да дыялогу і пераменаў». У нейкай ступені, Васкрасенскі стаў медыя-бомбай. Верагодна, што яго публічная дзейнасць будзе толькі ўзмацняцца. Юрый Васкрасенскі па інфармацыйнай значнасці, на 20 кастрычніка, зраўняўся са Святланай Ціханоўскай.
Выкарыстоўваючы яго і іншых «актывістаў», улада спрабуе сфармаваць уласны інфармацыйны парадак у краіне. Я не выключаю, што ў хуткім часе, у публічнай прасторы з’явяцца «новыя прыхільнікі» дыялогу і канструктыўнай размовы з рэжымам. Юрый Васкрасенскі – гэта палітыка-псіхалагічны эксперымент, доследны ўзор «правільнага» удзельніка, «прасветленага чалавека», які ўсвядоміў тупіковасць рэвалюцыйных дзеянняў.
Улады чарговы раз дэманструюць, што сапраўды гатовыя да дыялогу, але на сваіх умовах і ў вызначаным імі фармаце. А фармат гэтага «дыялогу» наступны:
Другой мэтай з’яўляецца інфармацыйная контратака на ультыматум Ціханоўскай, і яе заклік да агульнанацыянальнага страйку 25 кастрычніка. На дадзеным этапе, галоўная задача рэжыму ў тым, каб гучныя заклікі да пратэсту-страйку скончыліся правалам. Гэта б прычыніла сур’ёзную шкоду палітычнаму лідарству Ціханоўскай, паказала б яе слабы ўплыў на працэсы ўнутры краіны, на грамадства і паставіла б пад сумнеў яе падтрымку большасцю. З іншага боку, ўмоўнае вызваленне палітычных зняволеных (бяскрыўдных па сваім ўплыве і значэнні) павінен быў прадэманстраваць, што ўлады гатовыя да саступак, калі пратэсты суцішацца. Гэты тэзіс Юрый Васкрасенскі паўтарыў некалькі разоў у сваім апошнім інтэрв’ю.
Разам з тым рыхтуючыся да «правядзення рэформаў» улады ўзмацняюць унутраны тэрор: праводзяць чысткі ў наменклатурным апараце, вымушаюць актывістаў пакідаць краіну, масава адпраўляюць удзельнікаў пратэстаў у камеры.
Павел Усаў/АА belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.