У Беларусі 71-гадовага нарвежца вінавацяць у педафіліі. Сваякі: гэта няпраўда

У Берасці затрыманы 71-гадовы грамадзянін Нарвегіі. Пра гэта ў Facebook паведамляе брытанец Алан Сміт, які сам быў раней асуджаны ў Беларусі.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=643678633082707&set=a.123919288391980&type=3

Да Алана Сміта звярнулася пляменніца затрыманага Каміла Гледыч. Паводле яе, 71-гадовы Даг Вівэстад быў змешчаны пад варту ў СІЗА-7 у Берасці 29 верасня. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу – гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў зняволення.

Затрыманы зараз на пенсіі, раней працаваў аўдытарам. Паводле сваякоў, ён заўсёды выяўляў цікавасць да падзеяў Другой сусветнай вайны, і правёў апошнія гады, падарожнічаючы па мясцінах, дзе яны адбываліся. У Беларусі нарвежац ужо бываў раней з жонкай. У верасні вярнуўся зноў.

Затрыманы Даг Вівэстад. Фота: facebook.com/britishsurviver.belarus

Пляменніца адзначае, што 29 верасня 2019 года ейны дзядзька з сябрам накіроўваліся ў гатэль з рэстарана. У калідоры да іх падышла 10-гадовая дзяўчына, якая размаўляла па-ангельску, і два яе малодшыя браты, якія прыйшлі з вяселля з аднаго з суседніх рэстаранаў.

Паводле сваячцы затрыманага, нарвежац, здзіўлены, што дзяўчына размаўляе па-ангельску, хацеў заклікаць яе працягваць вучыцца. Размова цягнулася каля 2 хвілін, але пасля да замежнікаў падышлі мужчыны з вяселля і пачалі іх збіваць. Неўзабаве з’явіліся міліцыянты, якія затрымалі іншаземцаў. Сябра Вівэстада вызвалілі, а яго самога ўтрымліваюць у СІЗА.

Супраць журналіста Чудзянцова распачалі справу за сексуальны гвалт над непаўналетнімі

Паводле абвінавачання, нарвежац дакрануўся да інтымных месцаў дзяўчынкі. Але ягоная пляменніца, кажа, што ўся размова была запісаная камерай назірання, і на запісе нічога такога не відаць.

«Мой дзядзька – добры чалавек без судзімасці, які ніколі не рабіў нічога дрэннага», – кажа пляменніца.

«І ў турме варта абыходзіцца з людзьмі па-чалавечы»,- жонка асуджанага ў Беларусі брытанца Алана Сміта

Нагадаем, што сам Алан Сміт, які паведаміў пра затрыманне, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №3 пад Віцебскам за арганізацыю незаконнай міграцыі. Яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Аднак 40-гадовы мужчына віны не прызнаў і ад магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення адмовіўся.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны