Суд Маскоўскага раёну Берасця пакараў 71-гадовага Дага Вівэштада шасцю месяцамі калоніі агульнага рэжыму: яго спачатку абвінавачвалі ў сексуальных дамаганнях да беларускай дзяўчынкі, але потым асудзілі за хуліганства.
Таксама пакараны аплоціць кошты экспэртызы ў суме 2 рублі 22 капейкі. Абвінавачанне перакваліфікавалі падчас працэсу па ініцыятыве пракурора.
«Насамрэч, гэта апраўдальны прысуд. Была рызыка пакарання ад 8 да 15 гадоў, і мы баяліся, што будзе абвінаваўчы вердыкт. Усе шанцы былі супраць яго, калі пачаўся суд. Але па меры разгляду справы ў судовай зале стала відавочна, што абвінавачанне не мае сапраўдных доказаў. Уся справа ўзнікла з прычыны непаразуменняў, моцных эмоцыяў і нявызначанасці ў спалучэнні з алкаголем. Калі суду ўдалося зняць усе выстаўленыя абвінавачанні, ён, на шчасце, прыйшоў да разумнай высновы», – заявіў адвакат Дага Вівэштада Брунюльф Рыснэс.
Суд быў закрыты, бо мужчыну вінавацілі ў сексуальных дамаганнях да заведама малалетняй. Інцыдэнт здарыўся летась у верасні. Сваякі дзесяцігадовай дзяўчынкі збілі нарвежца з сябрам, абвінаваціўшы ў заляцанні да яе і выклікалі міліцыю.
З улікам тэрміну, праведзенага ў следчым ізалятары, Вівэштаду давядзецца адбыць за кратамі яшчэ больш за месяц. Прысуд яшчэ не набыў законнай моцы, сваякі дзяўчынкі збіраюцца яго абскарджваць.
ІІ belsat.eu