У Менску паставілі помнік сербскаму алігарху

На вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску зʼявіўся помнік сербскаму алігарху Срэтэну Карычу – аднаму з заснавальнікаў бізнес-імперыі BK Group, у склад якой уваходзіць будаўнічая кампанія Dana Holdings. Пра гэта піша Onliner.by.

Помнік усталявалі ў закрытым катэджным пасёлку на беразе Цнянскага вадасховішча, дзе жывуць топ-менеджары кампаніі Dana Holdings і іх сваякі. Вуліца Стэфаніі Станюты знаходзіцца яна за шлагбаумам і кантрольна-прапускным пунктам і без дазволу туды трапіць немагчыма. Адпаведна і помнік Срэтэну Карычу могуць пабачыць толькі жыхары пасёлку.

Пра зʼяўленне помніка паведаміў у Facebook Багалюб Карыч – адзін з уладальнікаў Dana Holdings, брат Срэтэна. Сам Срэтэн памёр у 2017 годзе.

https://www.facebook.com/bogoljubjkaric/videos/2643284189103628/

Браты Карычы – гэта сербскія алігархі, якія ў часы прэзідэнта Югаславіі Слабадана Мілошэвіча лічыліся самай магутнай фінансавай групай у краіне. СМІ называлі Карычаў часткай «сямʼі» Мілошэвіча – то бок асобамі набліжанымі да кіраўніка Югаславіі.

У канцы 2000-х Карычы пачалі развіваць бізнес у Беларусі. Цяпер кампанія Dana Holding з’яўляюцца аднымі з галоўных забудоўнікаў у Менску.

СМІ неаднаразова пісалі пра сяброўства Карычаў з Лукашэнкам. У 2009 годзе па запрашэнні Карычаў кіраўнік Беларусі наведаў папулярны гарналыжны курорт Капаонік. Пазней Драгамір Карыч атрымаў паўнамоцтва ганаровага консулу Беларусі «за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных сувязяў» з Сербіяй. У 2014-м Драгамір суправаджаў Лукашэнка падчас ягонага візіту ў Сербію, а ў 2015-м быў запрошаны на інагурацыю Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасці.

Як сябры Лукашэнкі выводзяць грошы ў афшор. Расследаванне «Белсату»

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны