Намеснік гендырэктара ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат» Сяргей Кулікоўскі абвінавачваецца ў хабарніцтве. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.
«52-гадовага Сяргея Кулікоўскага затрымалі ўвечары 8 ліпеня ў Горадні пры атрыманні 1 950 рублёў. Грошы перадаваліся за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю», – адзначылі ў МУС.
Аператыўнай распрацоўкай топ-менеджара займаліся працаўнікі ГУБАЗіК МУС, якія пры падтрымцы АМАП і ДАІ затрымалі Кулікоўскага з доказамі злачынства ў машыне індывідуальнага прадпрымальніка.
Следчыя распачалі крымінальную справу за атрыманне хабару, Кулікоўскі змешчаны пад варту. Яго таксама падазраюць яшчэ ў некалькіх эпізодах хабарніцтва ў перыяд з 2015 года.
Нагадаем, у канцы студзеня 2020 года у межах «цукровай справы» былі арыштаваныя дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч, дырэктар Скідзельскага цукровага камбінату Дзмітрый Ягораў, дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў, дырэктар Слуцкага цукрарафінаднага камбінату Мікалай Пруднік і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў.
КА belsat.eu