«Усенароднага абурэння не схаваць». Эксперты тлумачаць, навошта Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком КДБ

Пікет у Менску. 31 траўня 2020. Фота: Belsat.eu

Сваімі заявамі падчас сустрэчы з кіраўніком КДБ Аляксандр Лукашэнка спрабуе збіць пратэставую актыўнасць у Беларусі. Але папулярнасці яму гэта не дадасць. Пра гэта ў каментары belsat.eu сказалі апытаныя намі эксперты.

Лукашэнка: «Майданаў у Беларусі не будзе»

1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам і выказаўся наконт апошніх падзеяў у краіне. Ён заявіў, што ведае «адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю». «На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятрах», – сказаў ён.

«Дзяржаўная бяспека – аснова асноў. І Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым плане належыць разам з прэзідэнтам галоўная роля па абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы. Мы абсалютна ведаем мэты, якія пераследуюць тут асобныя ветрадуі. Гэтыя мэты нам ясныя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Так яны планавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых «майданутых» хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі не будзе», – падкрэсліў Лукашэнка.

КДБ даручана не дапусціць Майдану

Як адзначыла палітолаг Вольга Абрамава, ва ўладаў сёння сапраўды ёсць нагоды для занепакоенасці. Паводле яе, «ужо не схаваць факту ўсенароднага абурэння паводзінамі ўлады ў шмат якіх сітуацыях і праекцыі гэтага абурэння на выбары».

Пікет у Менску. 31 траўня 2020. Фота: Belsat.eu

Палітолаг адзначыла, што прынамсі гараджане, якіх у Беларусі тры чвэрці ад насельніцтва, «у сваёй большасці больш не хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта».

Лукашэнка паабяцаў змагацца супраць «шаек і бандаў крымінальнікаў»

«Настроі сельскага насельніцтва мне невядомыя, але тое, што я бачу па сацсетках, тое, што я бачу ў інфармацыйнай прасторы, тое, што я бачу непасрэдна ва ўласных стасунках, дастаткова шырокіх, – гэта кажа, што ступень абурэння нябачаная. Пачынаючы з 1994 года згадаць нешта падобнае проста не даводзіцца. Тут усеагульны афронт уладзе. Ейным дзеянням, ейным паводзінам, ейным памылкам, ейным неадэкватным рашэнням у шмат якіх пытаннях і ейнай няўвазе да патрэбаў звычайных людзей», – заявіла Вольга Абрамава.

На яе думку, грамадзяне абураныя дэманстратыўнай непавагай уладаў да людзей.

Кеды замест тапкаў на пікеце ў Горадні. Фота: Belsat.eu

«Калі кіраўніцтва краіны ў асобе аднаго чалавека глядзіць на людзей згары долу і лічыць іх тымі, хто боўтаецца пад нагамі і проста замінае вырашэнню важных дзяржаўных пытанняў, якія, насамрэч, ніяк не вырашаюцца, гэта проста прымушае людзей на звычайным штодзённым узроўні рабіць уласныя, адмоўныя для ўладаў, высновы», – падкрэсліла палітолаг.

У Лукашэнкі амаль не засталося козыраў

Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS), таксама мяркуе, што «электаральныя пазіцыя ўлады даволі слабыя, а асноўныя козыры – дабрабыт, стабільнасць, незалежнасць – могуць быць узятыя і ўжо бяруцца апазіцыйнымі кандыдатамі». Напрыклад, па частцы дабрабыту моцныя пазіцыі ў Бабарыкі, адзначыў эксперт.

31 траўня ў Менску. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Адносна моцныя пазіцыі ў Аляксандра Лукашэнкі, на думку кіраўніка BISS, толькі ў пытанні незалежнасці, на фоне абвінавачванняў у прарасейскасці ды празаходнасці шэрагу альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

БТ паказала новае відэа інцыдэнту з удзелам Сяргея Ціханоўскага

«Улады будуць гуляць на гэтыя пляцоўцы. Першыя сімптомы гэтага ўжо з’явіліся: гэта і артыкул у «Савецкай Беларусі», і артыкул спадара Марзалюка. Тое, што апаненты Лукашэнкі абвінавачваюцца ў нелаяльнасці да беларускага суверэнітэту, тады як Лукашэнка выстаўляцца яе безумоўны гарант. Пасля 26 гадоў незалежнасці парадаксальна складваецца козыр незалежнасці Лукашэнкі, які прыходзіў з лозунгамі рэканструкцыі Савецкага Саюзу і цеснай інтэграцыі з Расеяй спрэс да ўтварэння адзінай дзяржавы», – заявіў Пётр Рудкоўскі.

Пікет па зборы подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

На іншых палях ён выразна прайграе, падкрэсліў палітолаг.

«Людзі мараць пра любога іншага прэзідэнта»

Паліттэхнолаг, рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение» Валерыя Касцюгова адзначыла, што падчас сустрэчы з кіраўніком КДБ Лукашэнка даў яму канкрэтны загад.

«Усе прагнозы, якія кажа Лукашэнка, – гэта заўсёды загад. Гэта была сустрэча з кіраўніком КДБ з загадам, каб ён зрабіў захады, каб не дапусціць у Беларусі Майдану», – адзначыла яна.

Паводле яе, меркаваць пра рэвалюцыйнасць сітуацыі ў краіне цяжка, але «цалкам відавочна, што прэзідэнт проста надзвычай непапулярны, і людзі ў масе сваёй проста мараць пра любога іншага прэзідэнта».

Каронавірус не перашкода

Выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Зміцер Кухлей у сваю чаргу мяркуе, што могуць працягнуцца правакацыі ў дачыненні да альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, «калі далей улады пабачаць актыўнасць людзей».

Лукашэнка прайграе выбары?

«Яны спадзяваліся, што грамадства будзе дэпалітызаваным, але, нягледзячы на лета, нягледзячы на пандэмію, людзі паказваюць сваю незадаволенасць, выходзяць на вуліцы. І гэта, відавочна, кантрастуе з той падтрымкай, на якую Лукашэнка спадзяецца і пра якую кажа дзяржаўнае тэлебачанне», – падкрэсліў аналітык.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Палітолаг Юрый Чавусаў падкрэсліў, што «ў любой выбарчай кампаніі, асабліва прэзідэнцкай, роля сілавых структураў, спецслужбаў у лукашэнкаўскай сістэме прынцыпова важная». Але публічнае акцэнтаванне ўвагі на гатовасці ўжываць сілу, дэманстратыўная сустрэча са спецслужбамі і заклік фактычна спецслужбаў умешвацца ў палітычны працэс робяцца на публіку дзеля таго, каб павысіць градус страху ў грамадстве, падкрэсліў ён.

Паводле яго, «вырасла пакаленне няпужаных актывістаў», якое не памятае старыя масавыя арышты і крымінальныя справы.

«У людзей ёсць адчуванне таго, што пратэсты могуць прывесці да поспеху, як было ў 2017 годзе, калі пратэстоўцы дамагліся скасавання дэкрэту. І дзеля таго, каб падтрымліваць градус страху, вярнуць людзей назад у забіты стан, калі яны баяцца звальнення, баяцца страціць здароўе ці быць збітымі і арыштаванымі, робяцца падобныя кшталту дэманстратыўныя захады», – адзначыў Юрый Чавусаў.

Жаданне зменаў задушыць не атрымаецца

Разам з тым Вольга Абрамава не верыць у рэальнасць задушэння абурэння ў корані.

«Як бы не развіваліся падзеі на мікраўзроўні, агулам жаданне зменаў – не памылковае меркаванне, яно масавае. Яно вее ў паветры, а гэта спыніць ужо немагчыма», – падкрэсліла яна.

Пры гэтым палітолаг параўнала Лукашэнку са старымі мяхамі з Бібліі, у якія спрабуюць уліць маладое віно.

«Краіна вельмі моцна змянілася з 1994 года. Гэта зусім іншая, гэта новая краіна паводле светаўспрымання. І стары прэзідэнт – гэта як уліванне маладога віна ў старыя мяхі. Гэтае віно пракісне. Таму цалкам зразумела, што патрэбны новы кіраўнік», – дадала Вольга Абрамава.

Актывісты Максім Вінярскі і Дзяніс Урбановіч атрымалі па 15 содняў арышту

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны