Замест матэрыяльнай дапамогі шматдзетнаму бацьку даслалі план пошукаў працы

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/553505011915166/

Сяргей Цярэшчанка разам з жонкай і трыма дзецьмі жыве ў вёсцы Хаменкі Чавускага раёну Магілёўскай вобласці. Гэта малая радзіма Сяргея, тут і цяпер жывуць ягоныя сваякі. У вёсцы няма стацыянарнай крамы, аўтобус ходзіць раз на тыдзень, з установаў – толькі малочнатаварны комплекс. Да бліжэйшага гораду, Чавусаў, 18 кіламетраў. Сяргею 32 гады, на працу ён ездзіць у суседнюю вёску за пяць кіламетраў, дзе працуе звычайным рабочым. Увосень 2019 года сям’я Цярэшчанкаў стала шматдзетнай – у іх нарадзілася трэцяе дзіця, дачка Каця.

У вёсцы засталося 25 жыхароў, большасць – пенсіянеры. Шмат якія дамы тут закапалі, бо іх гаспадароў не стала. Фота: Belsat.eu

– 22 кастрычніка мая жонка Вераніка нарадзіла трэцяя дзіця. Мы сабралі ўсе даведкі і звярнуліся ў Чавускі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па бясплатнае харчаванне на дзіцё да 2 год і па штомесячную сацыяльную дапамогу. Харчаванне нам выпісалі на 6 месяцаў, а грашовую дапамогу – толькі на 1 месяц. І даслалі абразлівы план, як палепшыць свае жыццёвыя ўмовы, – распавядае гісторыю сям’і Сяргей Цярэшчанка.

Трэцяя дачка, Каця, нарадзілася 22 кастрычніка. Фота: Belsat.eu

«У нас жылой плошчы ўсяго 25 кв. м., а яны сказалі: «Давайце мы запішам 39,9»

Мужчына абураны адказам, які яму даслаў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Чавускага раёну. У лісце сказана, што пытанне аказання грашовай дапамогі вырашала камісія Чавускага райвынкакаму. Яна выдзеліла дапамогу сямʼі Сяргея толькі на 1 месяц, паколькі Сяргей «не прыняў неабходных мер па пошуку больш аплочваемай працы як дадатковай крыніцы даходу сваёй сям’і».

Сяргей Цярэшчанка. Фота: Belsat.eu

– Я не ведаў, што збіралася нейкая камісія. Чаму яна збіралася без мяне ці хаця б не паведамілі мне пра яе правядзенне? Я шукаў працу, гэта могуць пацвердзіць як мінімум 5 чалавек, у тым ліку кіраўнікі ўстановаў, дзе я шукаў працу. Але камісія ні ў кога не запыталася. Самі сабраліся і нешта вырашылі. Атрымліваецца, для іх прасцей не плаціць грошы, не падтрымліваць сем’і, а абвінаваціць, што вы нічога не робіце, маўляў, нарадзілі – глядзіце самі.

«Гэта звычайная адпіска. Мяне на камісію не запрашалі і нават не ставілі да ведама, калі яна адбудзецца», – кажа Сяргей. Фота: Belsat.eu

Сяргей кажа, што раней да іх шмат хто прыязджаў, і з райвыканкаму, і з сельсавету, і нават з МНС, але гэтая камісія не прыехала.

– Там, дзе мы падавалі дакументы, нам сказалі, што павінна прыехаць камісія, каб паглядзець нашыя ўмовы. Хаця ніхто не прыязджаў, проста пазванілі і спыталі, што ў нас дома ёсць. Стол, стул, якая плошча дому, хаця ў нас жылой усяго 25, яны сказалі: «Давайце мы запішам 39,9». А што яны насамрэч напісалі, можа быць у мяне там «Майбах» па дакументах стаіць браніраваны, я не ведаю, – абураецца Сяргей.

План для Сяргея, які трэба выканаць да 31 сакавіка. Фота: Belsat.eu

Штомесячная дапамога – толькі на 1 месяц

За снежань 2019 года Сяргей атрымаў штомесячную сацыяльную дапамогу для шматдзетнай сям’і ў памеры 508 рублёў. У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання паведамілі, што ён можа зноўку падаць на прадстаўленне сацыяльнай дапамогі.

– Лепей бы называлі рэчы сваймі імёнамі: аднамесячная, а не штомесячная дапамога. Цяпер мне трэба нанова збіраць дакументы, а гэта значыць, што я ўжо згубіў адзін месяц. Так склалася, што я і жонка прапісаныя ў розных вёсках, ёй ехаць за даведкай 40 км з адной перасадкай, мне ехаць за даведкай у іншы бок 20 км, прычым аўтобусы туды не ходзяць, трэба ехаць узімку на ровары. І кожны раз плаціць за ксеракопіі гэтых дакументаў.

Сям’е Цярэшчанка, як шматдзетнай, далі бясплатная харчаванне для дзіцяці да 2 год на 6 месяцаў і штомесячную сацыяльную дапамогу на 1 месяц. Фота: Belsat.eu

Выдаліць усё з «Аднакласнікаў» і закрыць рот

Сяргей не разумее, чаму іншым сям’ям з яго раёну могуць прадставіць гэтую дапамогу адразу на 6 месяцаў, а ягонай сям’і – толькі на 1 месяц.

Жонка Сяргея Вераніка і сярэдняя дачка Сонечка. Фота: Belsat.eu

– Проста мы такія няўгодныя людзі. Можа быць мне адмовілі праз мае погляды палітычныя ці жыццёвыя. У сваім акаўнце ў «Аднакласніках» я посціў шмат спасылак на розныя відэа ў YouTube і на сайты пра рэальную абстаноўку ў краіне. Пачаліся пагрозы, дакладней, «парады» выдаліць гэтае ўсё і закрыць рот. Мне нават даслалі паперку з магчымымі наступствамі за абразы і іншыя парушэнні, хаця я нікога не абражаў, канстытуцыю не парушаў. У сваіх пастах я выказваў сваё меркаванне аб нашым рэальным жыцці ў краіне і нашым раёне і ўсё ў гэтым родзе. Ну, добра, я ўсё пачысціў. Але ўсё роўна не магу жыць па іх правілах: дзяржаўныя газеты я не выпісваю, якія трэба выпісваць, на даху без страхоўкі не працую, калі трэба выйсці. Вось за гэта мяне і не любяць тут, – распавядае Сяргей Цярэшчанка.

Сяргей і старэйшы сын Максім. Фота: Belsat.eu

Замест дапамогі даслалі план па паляпшэнню матэрыяльнага становішча

Каб Сяргей мог палепшыць матэрыяльнае становішча сваёй сям’і, камісія пры Чавускім райвыканкаме распрацавала для яго план дзеянняў. У гэтым плане толькі адзін пункт: звярнуцца ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чавускага райвыканкаму.

Максім і Соня ездзяць у дзіцячы садок у аграгарадок Вусце за 5 км. Фота: Belsat.eu

– Каб не даваць сацыяльную дапамогу, мне даслалі план па самастойнаму паляпшэнню матэрыяльнага становішча. Хаця і планам гэта цяжка назваць. Яны ж самі ведаюць, што працы няма, людзі беспрацоўныя. Я мушу выканаць гэты план да 31 сакавіка 2020 года. Дзіўнае супадзенне, але менавіта 31 сакавіка 2020 года ў мяне сканчаецца працоўная дамова з Культурна-спартовым цэнтрам у аграгарадку Вусце. Былая старшыня нашага сельсавету, якую зараз знялі за карупцыю, яшчэ да гэтага ліста сказала, што мне не працягнуць дамову. Самае страшнае, што калі я не выканаю гэты план, то нас пакінуць без дзіцячага харчавання.

Соні хутка будзе 4 года. Фота: Belsat.eu

Працы ў раёне няма, людзі радыя працаваць за мінімалку

Сяргей працуе пры Культурна-спартовым цэнтры ў аграгарадку Вусце. Там ён займаецца комплексным абслугоўваннем і рамонтам будынкаў. Штомесячны заробак – 330 беларускіх рублёў да выліку падаткаў. І гэтую працу Сяргей шукаў вельмі доўга. У ягонай вёсцы Хаменкі ўвогуле нічога няма, акрамя малочнатаварнага комплексу.

Фота: Belsat.eu

– У нашай вёсцы пражывае 25 чалавек разам з намі. З працай ва ўсім раёне проста ніяк. Паўсюль людзей скарачаюць, дакладней – не працягваюць дамовы. У Вусце ўжо не працягнулі дамовы з двума сторажамі і дырэктаркай дому культуры. Без тлумачэння прычынаў выкідаюць на вуліцу – проста чалавек стаў непатрэбны, як адпрацаваная батарэйка. На іх месца бяруць патрэбных людзей.

Максіму 5 год. Фота: Belsat.eu

Сяргей кажа, што спрабаваў уладкавацца і на дзяржаўныя прадпрыемствы, і на прыватныя. Але паўсюль або няма грошай, або месцаў.

– У нас на ферме людзям яшчэ за лістапад заробкі не выплацілі, куды ім браць новых працаўнікоў? На свінакомплексе ў прыватніка кожнае месца залатое, там няма цякучкі кадраў, таксама не ўладкавацца. Калі і знойдзеш працу – паўсюль будзе такі ж заробак, як у мяне зараз – 330 рублёў і ні капейкі болей. А ў калгасе і таго могуць 180 рублёў даць і жывіце людзі.

Фота: Belsat.eu

Сям’я Цярэшчанкаў з пяці чалавек жыве ў сельскім доме. Штомесяц яны могуць разлічваць на заробак Сяргея (330 рублёў бруднымі) і дзіцячую дапамогу, якая ў студзені склала 545 рублёў.

Прадукты харчавання сям’я часта бярэ ў краме ў пазыку. Фота: Belsat.eu

Трактар у лізінг і спадзяванні на зямельны надзел

У словах Сяргея адчуваецца крыўда. Ён кажа, што справа не ў грошах, а ў стаўленні да чалавека. Паводле яго, ён даслаў электронны зварот у Магілёўскі аблвыканкам, каб абскардзіць рашэнне камісіі, але адказу так і не атрымаў.

За вадой трэба хадзіць у калодзеж. Фота: Belsat.eu

– Я адчуваю, што ў гэтай краіне мы нікому не патрэбныя. Ужо пачалі эканоміць на дзецях. Нават зараз па льготных талонах у больніцы нельга выпісваць Бабоцік. Улады кажуць: нараджайце. Але падтрымкі мы не адчуваем. Я думаю, што людзі не абаронены ў гэтай краіне. Больш і звяртацца не хочацца да такой дзяржавы. Яны нядобра паступаюць, калі абвінавачваюць мяне ў тым, што ў мяне нізкі заробак і што я сяджу роўна на месцы і нічога не раблю. У мяне рукі, ногі ёсць я зараблю, сямʼю пракармлю, але проста так рабіць нельга.

А што рабіць – Сяргей не ведае. У часы роспачы яму хочацца з’ехаць, а дакладней, як ён кажа, «эвакуявацца адсюль». Калі крыўда на дзяржаву трохі адпускае, то зʼяўляюцца сілы жыць тут далей.

У гаспадарцы Сяргея жывуць куры, а летась быў яшчэ і парсючок. Фота: Belsat.eu

Сямʼі Цярэшчанка дапамагаюць бацькі і суседзі – хто грашыма, хто прадуктамі. Што трэба, можна ўзяць у краме ў пазыку. Сяргей спадзяецца, што зможа дадаткова зарабіць пры дапамозе трактару, які ўзяў у лізінг.

Сяргей узяў трактар у лізінг, каб працаваць на зямлі. Фота: Belsat.eu

– Тут на вёсцы пракарміцца прасцей: свой агарод, можна пайсці падпрацаваць. Мы 2 месяцы таму аформілі ў лізінг міні-трактар, каб можна было ўзяць надзел зямлі паболей і зарабіць. Чакаем вясну, а там паглядзім. А як жывуць у гарадах, я нават не разумею: усё аддай за кватэру і табе нічога не застанецца. У нас самы бліжэйшы горад – Чавусы, заводаў таму няма, дзе жыць, таксама няма. На вёсцы ўсё ж такі прасцей, – кажа Сяргей.

Вольга Васільева, фота аўтара Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны