Жыхары Новай Баравой падаюць калектыўную заяву аб выкраданні людзей

Затрыманні ва Уруччы. Фота: motolkohelp

Пасля ўчорашняга налёту невядомых асобаў на сустрэчу суседзяў у двары жылога комплексу «Форэст» у Новай Баравой, тамтэйшыя жыхары звярнуліся ў міліцыю, але з аднаго з іх пасмяяліся, а другога затрымалі, і цяпер ён у БХМД.

«Я проста выйшаў ва двор папаліць, сустрэў знаёмых, і мы стаялі размаўлялі ў нашым закрытым двары. І мы пачулі, што дзяўчына крычыць, пабачылі, што яна ўцякае ад дваіх хлопцаў. Яны былі ў звычайных спартовых касцюмах, іхныя твары былі закрытыя шалікамі ці бафамі, то бок нават не ў балаклавах, як сілавікі», – распавёў «Белсату» сведка падзеяў Аляксандр.

Паводле яго, калі пераследнікі схапілі дзяўчыну, Аляксандр і ягоны сябра паспрабавалі даведацца, што адбываецца, і забраць дзяўчыну, але той, хто яе паваліў, дастаў пісталет.

«Ён накіраваў пісталет на нас, сказаў, каб мы адышлі, бо ён будзе страляць. Я набраў 102. Мой сусед таксама тэлефанаваў у міліцыю і вельмі эмацыйна казаў, што адбываецца. Другі з людзей у спартовых касцюмах намагаўся адабраць тэлефон, але ніхто з іх не сказаў, хто яны і што робяць», – узгадаў Аляксандр.

У менскіх дварах амапаўцы масава затрымліваюць жыхароў

Праз некалькі хвілінаў з іншага боку двара прыйшлі яшчэ чалавек дзесяць у цывільным:

«Было не зразумела, што робіцца. Яны забралі дзяўчыну і суседа, яго скруцілі ды панеслі ў машыну. Усе аўтамабілі былі цывільныя, без нейкіх апазнавальных знакаў».

Недзе праз паўгадзіны Аляксандру ператэлефанавалі з міліцыі: «Я тлумачыў, што невядомыя людзі пагражалі нам пісталетам. На гэта ён пачаў смяяцца і казаць, што гэта мог быць і не пісталет, пытаў, ці служыў я ў войску, каб адрозніваць зброю, можа, гэта быў прадмет, падобны да пісталета, але не пісталет».

Новая Баравая. 6 студзеня 2021 году. Фота: АК / Белсат

Размова з прадстаўніком праваахоўных органаў скончылася тым, што жыхару Новай Баравой сказалі чакаць участковага, які так і не прыйшоў.

«Цяпер мы складаем калектыўны зварот. Я еду у Бараўлянскі сельсавет пісаць заяву аб пагрозе зброяй і выкраданні людзей», – паведаміў Аляксандр.

Імёны затрыманых ва Уруччы, Новай Баравой і на Захадзе

МГ

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны