Беларускі добраахвотнік з пазыўным Ліс да службы ва ўкраінскім войску партызаніў у Беларусі. Сілавікі Лукашэнкі схапілі яго і катавалі, але нават тады ён здолеў даць ім адпор. Паглядзіце ягоную гісторыю ў праграме «Маю права».
Ліс не раскрыў свайго імя і прозвішча, бо ўсе сілы рэжыму Лукашэнкі накіраваныя на высвятленне асоб, якія ваююць у шэрагах добраахвотнікаў на баку Украіны.
У Беларусі Ліс быў актыўным удзельнікам пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў. Калі дэманстрацыі былі здушаныя, займаўся партызанскімі акцыямі. Хлопца неаднаразова затрымлівалі, прыцягвалі ў якасці падазраванага ў палітычных крымінальных справах, неаднаразова судзілі ў адміністратыўных справах. 40 содняў ён правёў у ізалятары, зазнаў катаванні, збіццё і спробу згвалтавання.
«Закінулі мяне ў ІЧУ ў «прэсхату», у якой мяне спрабавалі згвалтаваць. Але я даў годны адпор, там я прабыў не больш за 30 секундаў. Адтуль мяне за рукі выцягнулі самі ж супрацоўнікі міліцыі, якія мяне туды завялі, бо тых пачвараў, якія спрабавалі мяне прынізіць, я б забіў», – расказвае наш герой.
Улетку 2021 года Ліс нелегальна перайшоў мяжу і пачаў новае жыццё ў Літве.
Эксперт нашай праграмы праваабаронец Алег Агееў адзначыў, што дзеянні сілавікоў у дачыненні нашага героя, безумоўна, расцэньваюцца як катаванні. Факты такіх злачынстваў фіксуюцца не толькі беларускімі праваабаронцамі, але і міжнароднымі прававымі арганізацыямі ў межах расследавання справаў ва ўніверсальнай юрысдыкцыі ў шэрагу краінаў.
Паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, за катаванні прадугледжаная адказнасць аж да смяротнага пакарання, гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны. Таму тыя, хто выконвае загад аб катаваннях, і тыя, хто аддае такія загады, будуць прыцягнутыя да адказнасці ў любым выпадку.
Ліс пачаў вайну пад Мікалаевым, на першай лініі абароны. Тады расейцы кінулі ў бой вялікія сілы. Яны адчувалі сябе гаспадарамі ў небе, бо ўкраінская авіяцыя ў той час амаль уся была пад Кіевам. Брыгада Ліса тады апынулася ў атачэнні, але нанесла ворагу вялікія страты і прарвалася да сваіх.
Зараз расейцы адышлі ад Мікалаева, але працягнулі абстрэл гораду. Б’юць не па вайсковых аб’ектах – б’юць па цывільнай інфраструктуры.
«Ідзе вайна на знішчэнне ўкраінскай нацыі. Я на свае вочы неаднаразова бачыў трупы цывільных украінцаў. На маіх вачах падчас бою стралялі па цывільных, расстрэльвалі машыны. І па іх білі мэтанакіравана», – распавядае Ліс.
Беларус ваюе на баку Украіны, бо лічыць украінцаў братамі, а Расею – агульным ворагам Украіны і Беларусі. Наш герой лічыць, што адзіны шлях вызвалення Беларусі – гэта ўзброеная партызанская барацьба. Хлопец перадае прывітанні «сваім суайчыннікам, батальёну імя Каліноўскага, усім ваярам, якія там змагаюцца і змагаюцца ў іншых падраздзелах ЗСУ, тым партызанам, якія зараз змагаюцца ў Беларусі».
«Усё будзе Беларусь! Жыве Беларусь! Расейская імперыя будзе знішчаная!» – упэўнены Ліс.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 18:10 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.
Калаж з фота: president.gov.ua