Лукашысты паскудзяць жыццё на адлегласці

Што рабіць, калі даводзіцца ісці ў белы свет амаль без нічога? Удома засталося «раскіданае гняздо», пракурорская пячатка на дзвярах ды позва ў суд. А наперадзе – невядомасць. Што рабіць, калі на радзіме не толькі судзяць завочна, а яшчэ і абяцаюць ануляваць пашпарт? Як жыць без грамадзянства? 

Чаму гэта важна цяпер? Бо Аляксандр Лукашэнка падпісаў змены ў Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь – нібыта каб умацаваць нацыянальную бяспеку. Цяпер беларуса могуць пазбавіць афіцыйнай належнасці да ягонай радзімы, калі ў беларускім судзе яго прызнаюць вінаватым у экстрэмізме ці нанясенні цяжкай шкоды Рэспубліцы Беларусь. У якасці такой шкоды ў дакуменце пазначанае распальванне ідэалагічнай варожасці ці злачынствы супраць нейкай сацыяльнай групы.

Каб пазбавіць беларуса грамадзянства, мусяць быць выкананыя дзве ўмовы: судовы вырак і ягоны побыт за мяжою.

«Прынамсі фармальна папярэдне мусяць прайсці так званыя суды, каб чалавека пазбавілі грамадзянства. Іншая справа, што ніхто не сказаў, што нельга гэтыя суды праводзіць масава, як у Савецкім Саюзе», – мяркуе заснавальнік фонду дапамогі «By_Help» Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык – адзін з тых, каго могуць паспрабаваць пакінуць без беларускага пашпарта за актыўную грамадзянскую дзейнасць, а менавіта за заснаванне фонду салідарнасці «By_Help», які дапамагае рэпрэсаваным і ўцекачам.

Яшчэ ў верасні Лукашэнка даў адпаведны загад дэпутатам – рыхтаваць закон – і КДБ – рыхтаваць спісы ягоных ворагаў.

«Трэба яшчэ раз паглядзець на тых, хто, паехаўшы за мяжу, дзейнічае ў шкоду дзяржаве і народу, здзяйсняючы злачынствы. Яны вядомыя, усе да аднога. Мы іх ведаем», – пагражаў Лукашэнка на адмысловым паседжанні з удзелам спецслужбаў.

Але што гэта азначае на практыцы? Грамадзянства – гэта юрыдычная сувязь дзяржавы і чалавека. Грамадзянін выконвае свае абавязкі і законы, а дзяржава – свае, абараняе грамадзяніна за мяжою, прызнае ягоныя правы. Напрыклад, права выбіраць ці быць абраным. Пры гэтым пашпартоў законна можа быць некалькі, у залежнасці ад краіны. Бывае грамадзянства падвоенае…

«Абедзве краіны ці адна з гэтых краінаў прызнаюць абодва твае пашпарты. То бок ты можаш рабіць усялякія праўныя чыннасці, будучы грамадзянінам любой з гэтых краін. А два грамадзянствы – гэта тады, калі твая краіна не прызнае твой другі пашпарт», – тлумачыць Аляксей Лявончык, які сам мае беларускае і польскае грамадзянства ды брытанскае падданства.

Шмат нашых суайчыннікаў маюць пашпарты і Беларусі, і Расеі. Праўда, расейскае грамадзянства, атрыманае з прычыны пражывання там, цяпер становіцца небяспечным. З тых, хто нядаўна атрымаў расейскі пашпарт, могуць ляпіць гарматнае мяса для вайны супраць украінцаў – у прымусовым парадку.

«Толькі за першае паўгоддзе 2022-га больш за 60 тыс. поўнагадовых грамадзянаў краінаў Сярэдняй Азіі і Закаўказзя атрымалі расейскае грамадзянства і, адпаведна, не толькі правы, але і канстытуцыйны абавязак абароны краіны, якая іх прыняла. У сувязі з гэтым мэтазгодна разглядзець пытанне аб прыярытэтным кірунку натуралізаваных грамадзянаў для ўдзелу ў выкананні задачаў спецыяльнай ваеннай аперацыі», – заявіў кіраўнік Следчага камітэту РФ Аляксандр Бастрыкін.

Ёсць такая прымаўка: бʼюць не па пашпарце, а па мордзе. Пасля таго як расейскія войскі ўвайшлі ва Украіну з Гомельскай вобласці і з дазволу Лукашэнкі з нашай зямлі паляцелі расейскія бамбавальнікі ды ракеты, беларусаў пачалі ўспрымаць як саўдзельнікаў агрэсіі. Спатрэбілася вялікая дыпламатычная праца дэмакратычных сілаў, такіх як Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі, каб прынамсі на дзяржаўным узроўні нашыя суседзі пачалі адрозніваць рэжым Лукашэнкі і ягоных памагатых ад тых беларусаў, якія супраць вайны, але зрабіць ва ўмовах рэпрэсіяў нічога не могуць. Напрыклад, у Літве ўвялі адмысловыя анкеты.

«Беларусь зʼяўляецца ваюючым бокам, таму мы павінныя ўжываць тыя ж тэсты. Тыя ж самыя праверкі, як і для грамадзянаў Расеі, якія зʼяўляюцца прадстаўнікамі краіны-агрэсара», – патлумачыў «Белсату» намеснік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.

У анкеце для атрымання літоўскай візы грамадзянін Беларусі мусіць распавесці пра адукацыю, месца працы, службу ў войску і сілавых структурах. Ёсць адмысловыя пытанні: «Ці падтрымліваеце ваенныя дзеянні, якія праводзяцца Расейскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны?» і «Чый Крым?».

«Адказы на гэта зʼяўляюцца юрыдычным фактам – людзі, калі яны потым сябе паводзяць супярэчна гэтай анкеце, могуць быць выправаджаныя з краіны, і на гэта будзе юрыдычны нагода», – падкрэсліў прадстаўнік афіцыйнай Вільні.

Днямі ў гэтай справе сустрэліся прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі і дырэктарка дэпартаменту міграцыі МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце, каб узгадніць пытанне страчаных і пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў.

Пашырыліся бюракратычныя працэдуры і правяранні для беларусаў і расейцаў у суседняй Латвіі. Але расейцы працягваюць ехаць у Латвію, у тым ліку каб схавацца ад мабілізацыі на вайну.

«Прынамсі некалькі месяцаў таму Латвія выдавала гуманітарныя візы для журналістаў, праваабаронцаў, яшчэ для нейкіх людзей. Прынамсі, я бачу, што Латвія не так закрытая для расейцаў, як гэта пастулюецца ў СМІ… Я досыць шмат валанцёру на Рыжскім вакзале для ўкраінскіх уцекачоў, і бачу праўда вельмі шмат турыстаў з Расеі», – распавядае Наста Захарэвіч, беларуская журналістка і палітычная ўцякачка.

Наста Захарэвіч пасялілася ў Рызе вымушана.

«Я, як журналістка, працавала ў Менску, асвятляла пратэсты. За што была двойчы затрыманая, 2 разы адсядзела адміністрацыйныя арышты. І пасля другога арышту з‘явілася магчымасць з‘ездзіць проста адпачыць на пару тыдняў у Латвію, банальна паспаць у бяспецы», – распавядае Наста.

Тады ж стала вядома пра крымінальную справу ад Следчага Камітэту. Цяпер журналісты, праваабаронцы, актывісты і палітыкі, якія з’ехалі за мяжу ад турэмных тэрмінаў, могуць застацца з ануляваным пашпартам. Гэта спосаб дыстанцыйна напаскудзіць праціўнікам дыктатуры, тлумачыць Аляксей Лявончык: «Данесці месыдж тым, хто зʼехаў, да каго немагчыма дабрацца, што вы можаце застацца людзьмі без грамадзянства».

Новая версія закону аб грамадзянстве набудзе моц у ліпені, праз паўгады пасля ягонай публікацыі.

«Чалавеку трэба будзе часу страціць на аднаўленне дакументаў і аднавіць свой статус. Для яго не будзе моцна вырашальна пазбаўленне грамадзянства», – падсумоўвае дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

Удар па пашпарце – гэта ўжо другі дыстанцыйны інструмент рэпрэсіяў.

«Першы – гэта завочныя суды над асабліва цынічнымі экстрэмістамі, якія пачаліся нядаўна з суда над Герасіменяй і Апейкіным, і зараз ужо плануецца другі над Ціханоўскай», – нагадвае заснавальнік фонду дапамогі «By_Help» Аляксей Лявончык.

Аляксандра Герасіменя – чэмпіёнка Еўропы і свету ў плаванні, яна прынесла Беларусі і алімпійскія медалі. Герасіменя – сузаснавальніца Беларускага фонду спартовай салідарнасці, як і гандбаліст Аляксандр Апейкін. На Раство Менскі гарадскі суд завочна вынес вырак – 12 гадоў калоніі за нібыта шкоду нацыянальнай бяспецы. Гэта быў першы завочны палітычны вырак у Беларусі. У аўторак – пачатак суда над Святланаю Ціханоўскай, якая рэалізавала сваё грамадзянскае права выбіраць і быць абранай. Яе абвінавачваюць у спробе захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

«Тое, што робіць рэжым, у тым ліку дыстанцыйныя суды над палітычнымі апанентамі, – насмешка з правасуддзя і з права ўвогуле. Таму да іх трэба ставіцца не як да судоў, а як да чарговага злачынства рэжыму супраць беларусаў. Людзі Лукашэнкі ніяк не могуць адысці ад траўмы 2020 года. Спрабуюць расправіцца над усімі апанентамі. Дык вось – вам гэта не дапаможа, калі вы думаеце, што гэты канвеер судоў спыніць перамены», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Ануляванне пашпартоў – гэта не наватарства беларускага рэжыму. Гэтак, у Трэцім Райху нацысты пазбавілі грамадзянства 39 тыс. чалавек, у тым ліку пісьменнікаў Эрыха Марыю Рэмарка, Гайнрыха і Томаса Манаў, навукоўца Альбэрта Айнштайна ды іншых выбітных інтэлектуалаў.

У Савецкім Саюзе 100 гадоў таму пазбавілі грамадзянства і выслалі за мяжу каля 200 прадстаўнікоў інтэлігенцыі – гэта быў так званы філасофскі параход. Сярод ануляваных пазней пашпартоў былі дакументы пісьменніка Мікалая Салжаніцына, музыкі Мсціслава Растраповіча і шмат каго яшчэ.

Але на неправавое пазбаўленне грамадзянства таксама ёсць свае метады.

«З краінамі Еўразвязу зараз абмяркоўваем пытанне аб прызнанні ці непрызнанні гэтых рашэнняў. На палітычным узроўні можна спрабаваць дамаўляцца не прызнаваць гэтых рашэнняў, і тое, што чалавек будзе з грамадзянствам Беларусі, яму выдадуць нейкі іншы падарожны дакумент, які дазволіць яму падарожнічаць», – тлумачыць Крысціна Рыхтэр.

Адзін з варыянтаў падарожных дакументаў – гэта так званы жэнеўскі пашпарт.

«Гэта дакумент, які выдае краіна пражывання чалавеку, які або не мае грамадзянства, або не можа пацвердзіць грамадзянства сваёй краіны з розных прычынаў», – кажа Аляксей Лявончык.

Такі падарожны дакумент мае палітычны ўцякач, з якім мы сустрэліся ў Варшаве.

«Я звярнуўся да памежнікаў польскіх, каб яны прынялі маю заяву на міжнародную абарону ў Польшчы», – распавядае Міхась.

Атрымаў міжнародную абарону – атрымаў і «Жэнеўскі пашпарт» як замену пратэрмінаванаму пашпарту.

«Дадатковая ахова, маркер для памежнікаў, калі яны пабачаць, што цябе шукаюць праз «Інтэрпол» па запыце Беларусі ці іншай краіны, то яны будуць разумець, што гэта палітычна матываваны вышук», – дзеліцца досведам палітычны ўцякач.

Справа не ў паспарце. Каб быць грамадзянінам, трэба разумець адказнасць за сваю грамаду, свой горад, сваю краіну. Не дарма ў Старажытнай Грэцыі жыхароў полісу, што не ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці, не хацелі абараняць свой горад і не прымалі ўдзелу ў дэмакратычных працэсах, называлі «ідыётусамі», ідыётамі. А нам трэба людзьмі звацца.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Што рабіць тым, хто пацярпеў ад вайны, палону ці катаванняў?

Колькі танкаў у Лукашэнкі?

«Джылі» ці «Лада Каліна»: на чым будуць ездзіць беларусы?

«Усё стане яшчэ горш». Жорсткі прагноз для Беларусі на 2023 год

Калі святкаваць Раство: 25 снежня ці 7 студзеня?

«Дыктатура – і кропка». Фастфуд забралі алігархі

Як беларусы і ўкраінцы перамагаюць у інфармацыйнай вайне з дапамогай космасу?

Як коцікі сталіся сімвалам пратэстаў у Беларусі ды эмігруюць разам з гаспадарамі