Васіль Купрэвіч. Беларускі геній, якім захапляліся Кубрык і Пікуль

Васіль Купрэвіч – марак, удзельнік Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і блакады Ленінграду. Пікуль зрабіў яго героем раману «Маанзунд». Найперш жа ён знакаміты навуковец, які шукаў лекі супраць смерці і якога цытаваў рэжысёр Стэнлі Кубрык.

Васіль Купрэвіч нарадзіўся ў 1897 годзе і паходзіў з вёскі Кальнікі (сёння – Смалявіцкі раён Менскай вобласці). Ягоны бацька працаваў лесніком у маёнтку графа Любеньскага каля Воршы, дзе сам Васіль пасвіў кароў, вывучаў раслінны свет роднага краю і марыў пра мора. І ў 1913 годзе ягоная мара споўнілася: Купрэвіч трапіў у школу юнгаў, а з пачаткам Першай сусветнай вайны стаўся артылерыстам на эскадраным мінаносцы «Самсон», змагаўся ў шэрагу бітваў, у тым ліку ў абароне Маанзундскага архіпелагу.

Пасля вайны Купрэвіч вярнуўся на радзіму, каб вучыць дзяцей і займацца навукай. Ён зацікавіўся грыбамі. У 1938 годзе, ратуючыся ад сталінскіх рэпрэсіяў, навуковец перабраўся ў Ленінград, дзе падчас Другой сусветнай вайны ратаваў расліны Батанічнага саду. На момант, калі ён пакідаў блакадны Ленінград, мужчына важыў 48 кг пры росце 190 см.

У 1952 годзе Васіль Купрэвіч узначаліў Акадэмію навук БССР і дзякуючы выдатным адміністрацыйным здольнасцям ператварыў яе ў адну з найлепшых ува ўсім СССР. Менавіта дзякуючы яму ў Соснах каля Менску з’явіўся ядравы рэактар, а сам ён займаўся новай навукай – геранталогіяй, сцвярджаў, што «смерць – гэта як хвароба, як грыбок, які можна пры пэўных абставінах вылечыць». У 1968 годзе даследаванні Купрэвіча нават згадаў амерыканскі рэжысёр Стэнлі Кубрык, стваральнік фільму «Касмічная Адысея 2001».

«Усім сваім жыццём гэты навуковец паказваў, што такое быць смелым – і ў жыцці, і ў навуцы. Як ставіць амбітныя мэты і як дасягаць іх, нават нягледзячы на тое, што часам гэтыя мэты – за гарызонтам», – распавядае пра Васіля Купрэвіча вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Ад ейнага імя ўздрыгвала Траццякоўка. Алена Аладава

Грунвальдская бітва: ці трэба было перамагаць Тэўтонскі ордэн?

Як беларусы білі нацыстаў у Італіі. Армія Андэрса і бітва пад Монтэ-Касіна

Адарваў ВКЛ ад Польшчы, узначаліў Прусію, праславіў Слуцк. Багуслаў Радзівіл

Да якой цывілізацыі належаць беларусы? Ордэн базыльянаў на службе Беларусі

Родная Цётка для кожнага беларуса. Недаацэненая гераіня Алаіза Пашкевіч

Давыд Гарадзенскі. Жорсткі князь ВКЛ, які граміў крыжакоў на іхнай жа тэрыторыі

Сяргей Пясецкі. Найвядомейшы кантрабандыст з Беларусі. Ракаў – наш Лас-Вэгас