Госці праграмы – журналістка, якая напісала біяграфію Пуціна, і беларус, які кіруе выбарчай кампаніяй Ксеніі Сабчак.
Прыхільнік моцнага Еўразвязу. Пад такім абліччам кіраўнік Беларусі сустрэў у Менску еўракамісара Ёганэса Гана. Пасланец Бруселю традыцыйна папракнуў Аляксандра Лукашэнку парушэннем правоў чалавека і наяўнасцю смяротнага пакарання. Але нават гэта не сапсавала праеўрапейскага настрою кіраўніка Беларусі. Што хаваецца пад маскай еўрафіла, высвятляла Вольга Жарнасек.
Чаму Пуцін такі жорсткі і так добра ўмее хлусіць? Інтэрвʼю з Крыстынай Курчаб-Рэдліх, польскай журналісткай, аўтаркай фільмаў і кніг пра Расею. Пані Крыстыну называюць «польскай Паліткоўскай». Яна нядаўна апублікавала кнігу «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна».
Дзесяць тысяч чалавек па ўсёй Расеі на мінулых выходных узялі ўдзел у гэтак званай «Забастоўцы выбарнікаў». Аляксей Навальны – назваў вынік паспяховым і працягвае агітаваць за поўны байкот сакавіцкіх прэзідэнцкіх выбараў. Ідэя байкоту рэгулярна зʼяўляецца і ў беларускіх электаральных кампаніях. Сканчваецца гэта даволі безвынікова. Пра тое, якім будзе расейскі байкот і што зменіцца пасля 18 сакавіка на палітычнай сцэне ў нашых усходніх суседзяў, – Усевалад Шлыкаў.
У штабе Ксеніі Сабчак працуе палітычны тэхнолаг, які нарадзіўся ў Гомлі. Наш зямляк адвучыўся на Захадзе і працаваў на шматлікіх выбарах у Нямеччыне, Злучаных Штатах і Расеі. Быў адным з кіраўнікоў штабу Бэрні Сандэрса – прэтэндэнта на прэзідэнта ЗША ад дэмакратычнай партыі. Эксклюзіўнае інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Віталём Шкляравым.
У «ПраСвет» увайшла толькі траціна запісанага інтэрвʼю. Больш, на жаль, не месціцца ў фармаце праграмы. Пазней на нашым профілі ў «Фэйсбуку» і на сайце «Белсату» мы апублікуем поўную версію гутаркі са Шкляравым. У паўгадзіннай размове ён распавядае пра Ксенію Сабчак і пра свае пачуцці да Беларусі.