Калі ў горадзе жыць няма як, бо грошай няма і не прадбачыцца, то кожны, у каго ёсць родныя, сваякі, добрыя аднавяскоўцы – у выйгрышы: галодны не будзе, калі схаваецца ў вёсцы да лепшых часоў. Для тых, каму дарогі ў вёску няма, адкрываецца шанец пазмагацца за выжыванне ў горадзе.
Эканамічны ўцякач у вёску трапляе ў празрыстае сацыяльнае асяроддзе, што прымушае жыць як усе. Гарадскі чалавек без грошай – трапляе ў чорныя глыбіні ананімнага жыцця.
Таму нельга губляць сацыяльных кантактаў і прафесійных навыкаў, бо імкліва ператворышся ў нікому не патрэбнага нелегала.
Ахайны знешні выгляд, ураўнаважанасць і асцярожнасць, пастаянны пошук крыніц існавання і нязломная ўпартасць у адстойванні сябе – сродак захавацца.
Але як толькі робіцца зразумелым, што з грашыма – туга, варта, як кажуць авіятары, змяніць калідор – перайсці да спажывання ўсяго самага таннага і татальнай эканоміі.
Уявіце сабе нейкае рэстараннае меню. Можна закрыць праваю рукою цэны і выбіраць тое, што любіш, альбо нешта цікавае.
А калі жыццё дагнала, то наадварот: пакідай адкрытым толькі цэннік ды выбірай – што па кішэні. Бо, найімаверней, кішэня будзе папаўняцца выпадкова.
Таму што адкрыецца сапраўдная ліквіднасць усяго, што маеш. Бо ўсё, што можна прадаць, трэба прадаваць, пакуль бяруць.
Тут спатрэбіцца поўная і сур’ёзная рэвізія ды цвярозая ацэнка.
Прадаваць прыйдзецца таму, хто дае грошы адразу, а яны многа не даюць.
Тыя, што даюць не адразу, часцяком не даюць наагул. Чым ніжэйшы сацыяльны слой гораду, у які вы трапляеце, бяднеючы, тым чарнейшыя і прасцейшыя там норавы.
Паралельна з чапляннем за звычныя ў мінулым сацыяльныя кантакты і пошукамі сродкаў на пракорм гарадскі выжывальшчык мусіць вывучаць дабрачыннасць.
Чырвоны Крыж і храмы ўсіх канфесій, аб’яднанні жанчын і ветэранаў, сацыяльныя службы – усе, хто можа нешта даць, павінны быць вядомыя. Каб, добра ведаючы расклады, паспяваць на раздачу, калі тое спатрэбіцца.
Гэтак сама трэба ведаць і месцы падзённай работы, дзе могуць даць якую капейчыну, прадукцыю ці падкарміць.
Наступны этап, яшчэ бліжэйшы да дна, – гэта пошукі ўсяго пакуль што непатрэбнага бальшыні іншых: другаснай сыравіны, пладоў, грыбоў, а потым і тога, што кепска ляжыць. Пра тое, спадзяюся, не давядзецца разважаць восенню.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».
Міхал Залескі, belsat.eu